У Глыбокім нельга зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары бліжэй як за 50 мэтраў ад устаноў і арганізацыяў. У іншых райцэнтрах – бліжэй чымся за 20. У асобных рэгіёнах адлегласьці ня вызначалі, аднак увялі куды больш жорсткія абмежаваньні.
Бальшыня афіцыйных сайтаў Віцебшчыны ўжо апублікавалі ўмовы правядзеньня пікетаў дзеля збору подпісаў па вылучэньні кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары. Выканкамы мусілі вызначыцца зь месцамі для арганізацыі пікетаў да 17 ліпеня. Але 16 ліпеня паводле стану на 16:00 зьвестак пра абмежаваньні для зьбіральнікаў подпісаў не было на сайтах Верхнядзьвінскага, Аршанскага, Пастаўскага і Сеньненскага райвыканкамаў.
Што да іншых райвыканкамаў, то яны сфармулявалі абмежаваньні для збору подпісаў не аднастайна. У Глыбокім, здаецца, скарысталіся нарматывам мінулых выбараў – абвясьцілі, што подпісы за вылучэньне кандыдатаў нельга зьбіраць бліжэй як за 50 мэтраў ад некаторых прадпрыемстваў і устаноў.
У іншых рэгіёнах нельга набліжацца да асобных аб'ектаў толькі на 20 мэтраў. Але ў Докшыцкім і Бешанковіцкім раёнах, прыкладам, да такіх аб'ектаў належаць толькі райвыканкам, суд, пракуратура і міліцыя. А ва Ўшацкім раёне да гэтых устаноў улады дадалі яшчэ мясцовы аддзел МНС, ваенкамат, сельскія выканаўчыя камітэты, дзіцячыя ўстановы і ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, аб'екты цепла- і водазабесьпячэньня, прадпрыемства электрасетак, аўтастанцыю, музэй, цэнтар культуры і народнай творчасьці, мэмарыяльны комплекс "Прарыў" і шэраг іншых. Падобны сьпіс, за выключэньнем хіба што музэяў і помнікаў, склалі ў Лёзьне, Лепелі, Шаркоўшчыне і Шуміліне.
Мёрскі райвыканкам вырашыў адлегласьці не вымяраць і проста пералічыў будынкі, на тэрыторыі якіх подпісы зьбіраць забаронена. Чым абмяжоўваецца канкрэтная тэрыторыя, ніяк не тлумачыцца.
Самы складаны пералік зрабілі ў Талачыне: сьпіс устаноў і арганізацыяў, вакол якіх нельга ладзіць пікеты па зборы подпісаў, займае паўтары старонкі. Пералік падрабязны, зь некалькіх параграфаў і пунктаў. Да прыкладу, напісана, што нельга зьбіраць подпісы "на аб'ектах чыгуначнага транспарту", куды ўваходзяць і вакзал, і пляцформы, і склады, і "рэйкі станцыяў і перагонаў ", і "пад'язныя калеі агульнага карыстаньня". Да некаторых аб'ектаў пікетоўцам давядзецца адмяраць 50 мэтраў, да некаторых – 20, а да культавых аб'ектаў – усе 100.
Вядома ж, такія складанасьці значна абцяжараць працу зьбіральнікаў подпісаў, якім давядзецца браць з сабой ня толькі рулетку, але і сьпіс аб'ектаў, каб не пераблытаць і дакладна падлічыць адлегласьці.
У вялікіх гарадох вобласьці ўмовы для зьбіральнікаў подпісаў няроўныя: у Полацку і Наваполацку давядзецца лічыць 20 мэтраў ад выканкамаў, судоў, пракуратуры і міліцыі. Віцебскі гарвыканкам таксама забараніў зьбіраць подпісы бліжэй чымся за 20 мэтраў ад выканкамаў, судоў, пракуратуры і райаддзелаў міліцыі, а таксама на плошчы Перамогі і на ніяк ня вызначаных "тэрыторыях" установаў аховы здароўя.
spring96.org