Глыбоцкі журналіст Зьміцер Лупач распавёў, што прадстаўнікі КДБ схілялі яго да супрацоўніцтва – каб ён паведамляў падрабязнасьці пра тутэйшых актывістаў, пра сустрэчы зь сябрамі грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і пра апазыцыйную актыўнасьць у рэгіёне.
Спачатку ён вырашыў проста ігнараваць прапановы, але яны паўтараліся. Тады Зьміцер вырашыў зьвярнуцца да журналістаў і праваабаронцаў. Ён распавёў, што меў некалькі сустрэч са спэцслужбамі – і менскімі, і глыбоцкімі.
Першая адбылася 25 чэрвеня ў фінансавай міліцыі. Журналіста не зьдзівіў выклік туды, бо напярэдадні ён меў праблемы з падатковай інспэкцыяй і заплаціў штраф. Між тым, як высьветлілася, выклік быў зьвязаны ня з гэтым. Яго сустрэлі мясцовыя прадстаўнікі КДБ і двое невядомых людзей, якія сказалі, што прыехалі зь Менску адмыслова дзеля сустрэчы зь ім. “Яны назвалі сябе, паказалі "чырвоныя кніжачкі", але я ад нечаканасьці нічога не запомніў, – кажа Зьміцер Лупач. – Адзін зь іх пачаў распытваць мяне пра паездкі ва Ўкраіну, а таксама пра мае кантакты з замежнікамі”.
Адзін з такіх “кантактаў” адбыўся ў чэрвені. Зьміцер сустракаўся з палякамі, якія прыяжджалі на Глыбоччыну, і пазьней на сайце “Эўрарадыё” і ў газэце “Вольнае Глыбокае” выйшаў артыкул “Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году”. Аповед пра гэта стаў нагодай для адміністрацыйнага працэсу. Зьмітра Лупача абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытацыі – парушэньні артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Суд над незалежным журналістам быў прызначаны на 10 ліпеня, але дакумэнты адправілі на дапрацоўку ў міліцыю.
30 чэрвеня Зьмітра па тэлефоне выклікаў на сустрэчу супрацоўнік мясцовага КДБ. У часе размовы ён папярэдзіў жуналіста пра недапушчальнасьць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК РБ) – даваньня замежнай дзяржаве непраўдзівых зьвестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае становішча грамадзян і г.д.
“Супрацоўнік КДБ сказаў, што ў іх ёсьць шмат доказаў майго супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, але яны ня будуць іх агучваць, калі я пагаджуся "дапамагчы". Мне было прапанавана інфармаваць "органы" - яны, маўляў, зацікаўленыя, "каб у рэгіёне ўсё было спакойна". Прычым супрацоўнік КДБ зазначыў, што ў выпадку адмовы будуць праблемы ў маёй жонкі і дзяцей”.
Зьміцер меркаваў, што КДБ страціць для яго цікавасьць, калі не даваць ніякай інфармацыі. Між тым, 9 ліпеня той самы супрацоўнік патэлефанаваў і зноў прапанаваў сустрэцца. Зьміцер Лупач кажа, што катэгарычна адмовіўся быць “стукачом”, нягледзячы на пагрозы. І вырашыў распавесьці сваю гісторыю, каб папярэдзіць сяброў і калег, што яны таксама могуць трапіць у падобную сытуацыю.
baj.by