Вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда прастаяў ля “сіняга дому” ў Віцебску з плякатам “Незаконным выбарам у незаконную „палатку“ – байкот!” некалькі гадзін. Пасьля гэтага яго затрымалі і адвезьлі ў Чыгуначны РАУС Віцебску.
Па тэлефоне ён пасьпеў паведаміць, што быў гатовы да затрыманьня, але ня лічыць сябе вінаватым, перадае “Радыё Свабода”.
“Я лічу, што нічога не парушыў: цяпер ідзе агітацыйная кампанія, і байкот у Беларусі не забаронены… Выбары незаконныя, бо няма прававога грунту, каб праводзіць іх законна. Канстытуцыя 1994 году прыпыненая, 1996 году – нелегітымная. У выніку гэтых “псэўдавыбараў” могуць быць абраныя толькі “псэўдадэпутаты”, – сказаў Хамайда.
Адзначым, што Барыс Хамайды такім чынам зладзіў самы першы агітацыйны пікет у горадзе, бо зарэгістраваныя кандыдаты пакуль бязьдзейнічаюць. Таму мінакі-віцябляне ўспрымалі напісанае на плякаце зь вялікай цікаўнасьцю.