Валянціна Аліневіч сустрэлася з сынам у калёніі. «У суботу адбылося кароткатэрміновае спатканьне, - паведаміла маці палітвязьня. - Усё, як звычайна. Выехалі зь Менску ўранку, ня ведаючы, дадуць нам з мужам убачыць яго ці не. На гэты раз спатканьне адбылося, але права на перадачу, якая належыць адзін раз у чатыры месяцы, ён пазбаўлены».
«Наяўнасьць шкла і размова праз тэлефонную слухаўку не спрыялі даверлівасьці гутаркі. Але бачыць і чуць блізкага чалавека, нават ня маючы магчымасьці абняць яго - гэта заўсёды вялікая радасьць. Шмат пытаньняў аб тым, што дзеецца ў сьвеце. Ва ўсім адчуваецца самы сапраўдны інфармацыйны голад. Газэты «Новы Час» і «Свабодныя Навіны» яму не аддаюць, хоць рэдакцыя пастаянна высылала і высылае яму кожны нумар. Большая частка лістоў зь невядомых прычын таксама не даходзіць да Ігара. Асабліва гэта тычыцца ягоных расейскіх сяброў. Тыя лісты, у якіх я пішу аб расейскіх і ўкраінскіх падзеях, таксама не даходзяць. І што ўжо зусім незразумела для мяне - не прапусьцілі камэнтары да Крымінальнага Кодэксу. Хоць у Наваполацкай калёніі ўсю законатворчую літаратуру прапускалі бесьперашкодна», - распавяла Валянціна Аліневіч.
Паводле слоў маці палітвязьня, цяпер Ігара Аліневіча перавялі ў новы, 7-ы атрад: «Часу пасьля працы застаецца вельмі мала, але імкнецца пабольш чытаць, вывучаць эканоміку, - кажа яна. - Вялікае ўражаньне на яго зрабіў лёс рускага эканаміста Мікалая Кандрацьева, стваральніка тэорыі «доўгіх хваляў», загінулага ў 1937 годзе. Спрабуе экстрапаляваць гэтую тэорыю на нашу рэчаіснасьць. Кажа, што па ягоных разьліках мы толькі ў пачатку эканамічнага крызысу, а не на ягоным дне. На жаль, падручнік па эканоміцы, які быў на ангельскай мове, яму таксама не аддалі. На мае пытаньні пра здароўе, адказаў, што ўсё ў парадку, хоць чорныя кругі пад вачыма сьведчаць пра іншае. Турбуецца пра іншых палітычных і проста зьняволеных. Знэрвавала вестка пра тое, што Мікалаю Дзядку прызначаны суд. Не падзяляе катэгарычна пункт гледжаньня «Пляцформы» аб тым, што ў турэмнай сыстэме Беларусі намеціліся пазытыўныя тэндэнцыі. Ня бачыць ніякіх падставаў для такіх сьцьвярджэньняў. У гэтых варунках цалкам падзяляе пункт гледжаньня Алеся Бяляцкага.
Калі мы прыехалі, на горцы, насупраць калёніі, стаяла чыясьці мама, якая з самай раніцы чакала свайго сына. Яго павінны былі выпусьціць на волю ў гэты дзень. Я спадзяюся, што яны нарэшце сустрэліся».
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня, нібыта, «за хуліганскія дзеяньні што да афіцыйных будынкаў». Сваёй віны палітвязень не прызнаў. Раней ён адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку, якая ўважалася за самую дрэнную з экалёгіі. У пачатку году было пастаноўлена аб яе расфармаваньні. У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што Ігар Аліневіч этапаваны ў калёнію «Віцьба». А ўжо празь невялікі час на палітвязьня пачаўся моцны ціск і ён правёў цэлы месяц у ШІЗА.
Ігар Аліневіч прызнаны палітвязьням міжнароднай і беларускай праваабарончай супольнасьцю.
Хартыя '97