Палітвязень Ігар Аліневіч, асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму, сустрэўся з бацькамі ў калёніі "Віцьба-3". Гэта было доўгатэрміновае спатканьне, але замест звычайных 3 сутак яно доўжылася толькі суткі.
Кажа Валянціна Аліневіч, маці палітвязьня: "Ён схуднелы, бледны, але гэта зразумела, бо ён цягам восені прасядзеў каля 40 сутак у карцэры. Настрой у яго добры, бадзёры. Вельмі ўзрадаваўся, што Эдуард Лобаў выйшаў на волю. Ён пра гэта нічога не ведаў".
Паводле словаў Валянціны Аліневіч, жорстакае стаўленьне адміністрацыі да яе сына праявілася ня толькі ў тым, што тэрмін пераднавагодняга спатканьня быў скарочаны да адных сутак. "Калі ўсе астатнія зьняволеныя выходзілі са спатканьняў з прадуктамі, якія ім дазволілі вынесьці, то Ігару нават ніводнага яблыка не далі забраць. Усё як заўсёды. Нешта плянаваць там немагчыма. У любую хвіліну могуць выхапіць за нейкую дробязь і пасадзіць у карцэр ці накіраваць у турму, як гэта рабілі ўжо са многімі палітычнымі зьняволенымі", – кажа Валянціна Аліневіч.
Радыё Рацыя