Калі мы чытаем у інтэрнэце кнігу, праглядаем фатаграфіі або цешымся любімым фільмам, то далёка не заўсёды задумваемся пра тое, што, магчыма, парушаем нечыя правы. Але насамрэч у кожнага кантэнту ў сеціве і ў кожнага твору ёсьць свой творца, які мае на сваю працу аўтарскае права. І не заўсёды гэтае права выконваецца. Менавіта гэтай праблеме і быў прысьвечаны семінар у Віцебску.
Сярод удзельнікаў былі ня толькі прафэсійныя пісьменьнікі (сябры Саюзу пісьменьнікаў), журналісты, бібліятэкары, блогеры, але і звычайныя грамадзяне і карыстальнікі інтэрнэту, якім была цікавая гэтая тэма. Арганізатары нават выказалі сваё зьдзіўленьне вялікай цікавасьцю з боку людзей да такой, здавалася б, выключна прафэсійнай тэмы.
На пачатку семінару выступіў дырэктар беларускай інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк і распавёў пра дзейнасьць гэтай сеціўнай пляцоўкі і ўнікальныя творы, якія можна на ёй пачытаць, а таксама заклікаў да супрацоўніцтва ўсіх аўтараў і журналістаў, якія пішуць на беларускай мове.
А пасьля юрыст Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Сямашка прадставіла арыгінальную прэзэнтацыю у выглядзе альфабэту, кожнай літары якога адпавядаў асобны слайд з пэўным паняцьцем або тэрмінам, што пачынаюцца на гэтую літару i тычацца аўтарскіх правоў і розных нюансаў з гэтай сфэры. Напрыклад, на літару «Л» – «Ліцэнзаваньне», і, адпаведна, разглядаліся нюансы ліцэнзаваньня; а на літару «М» – «Маракеская дамова», якая вызначае шэраг абмежаваньняў і выключэньняў ў аўтарскіх правох, якія маюць абавязковую сілу, у інтарэсах сьляпых і асоб з парушэньнямі зроку ці іншымі абмежаванымі здольнасьцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю.
Пры канцы сэмінару ўдзельнікам было прапанавана ўзяць удзел у разглядзе кейса пад назвай «Ідэальнае пагадненьне». Сутнасьць яго была ў тым, каб зь няправільна складзенай аўтарскай дамовы прыбраць усе хібы і ўнесьці свае праўкі, каб у выніку атрымалася найбольш правільная дамова з пункту гледжаньня здаровага сэнсу і заканадаўства.
Уладзімер Бяляўскі