Вось ужо шосты месяц 14-гадовы падлетак Захар Чарвякоў жыве ў дзіцячым доме Віцебску па вуліцы Свідзінскага. У падлетка паўтара гады таму памёр тата, але мама, Тацяна Чарвякова, прыходзіць да сына штодня пасьля працы, імкнучыся і ўвагу надаць, і чымсьці смачным пацешыць.
Чаму так адбылося, што хлопчык з цалкам шчаснай (хай і няпоўнай) сям'і апынуўся на дзяржаўным ўтрыманьні, чаму яго забралі ў дзіцячы дом?
Вось, што распавяла нам Тацяна Сяргееўна:
– Непрыемнасьці пачаліся, калі захварэў муж. Паставілі дыягназ: варыкознае пашырэньне вен стрававода. У траўні 2015 году зрабілі апэрацыю. Але ўжо празь некалькі дзён муж памёр дома ад страты крыві. У двух кроках ад нас (Чарвяковы жывуць у доме №43а па праспэкце Фрунзэ) знаходзіцца шпіталь хуткай дапамогі. Але калі лекары прыехалі, было запозна.
Зь цяжкасьцю перанесла страту блізкага чалавека, вельмі мяне падтрымліваў Захар, ён для мяне ня толькі маё дзіця, але і блізкі сябар. А ў студзені 2016 году чарговая бяда наляцела: прыйшлі супрацоўнікі «Віцебскэнэрга» з праверкай лічыльнікаў. І высьветлілася, што ў нас стаяць жучкі. Выпісалі штраф на 15 800 000 рублёў старымі. Адкуль жучкі зьявіліся? Мяркую, што іх усталяваў муж, калі нам за няплату адключылі электрычнасьць. Муж хварэў, шмат сродкаў ішло на лекі, за камуналку заўсёды ён плаціў. Пасьля сьмерці мужа я аплачвала рахункі за электрычнасьць, але ніколі не глядзела паказаньні лічыльніка, калі за 50 кіляват грошы дам, калі за 100.
Правяраючыя адключылі электрычнасьць у кватэры Чарвяковых. Заплаціць вялікі штраф Тацяна не магла. На той момант яна не была працаўладкаваная афіцыйна. Знайшла працу прадавачкі на Полацкім рынку, сьпярша аформілі паводле дамовы падраду, а потым ужо афіцыйна. Дык што карціна вымалёўвалася сумная: сьвятло адключылі, грошай на аплату штрафу няма, заробку ледзь хапае на тое, каб канцы з канцамі зьвесьці.
– Атрымліваецца, што мая запазычанасьць за сьвятло і стала першапрычынай таго, што дзіця забралі ў дзіцячы дом, – кажа Тацяна, – нашу сям'ю ўнесьлі ў сьпіс сацыяльна небясьпечных. І ўжо ў траўні 2016 году адбыўся суд, на якім было вынесенае рашэньне перадаць Захара на дзяржаўнае забесьпячэньне. Пра тое, што ў мяне забралі сына, даведаўся начальнік. І з Полацкага рынку давялося сысьці. Як абавязанай асобе, мне ў цэнтры занятасьці адразу знайшлі працу, уладкавалі санітаркай у паліклініку №2 на Маркаўчшыне. У новым калектыве паставіліся з насьцярожанасьцю. Чакалі, што я з авансу або палучкі абавязкова пайду ў загул. Бо ў пастанове суду якраз і напісана, што я злоўжываю сьпіртным, што мяне суседзі неаднаразова бачылі нецьвярозай. Не магу зразумець, калі такое было. На ўліку ў нарколяга я не стаяла ніколі, ёсьць адпаведная даведка з наркалягічнага дыспансэру. Па судзе раней не прыцягвалася. Абвінавацілі яшчэ ў невыкананьні санітарна-гігіенічных нормаў: калі прыходзіла камісія з апекі, у мяне быў беспарадак на кухні і пыл на паліцы. Гэта злачынства? Тым больш, што ў трохпакаёвай кватэры, дзе мы з Захарам прапісаныя, жыве яшчэ і мой брат. У нас падзеленыя асабовыя рахункі, кожны сам аплачвае камуналку. Кухня, пярэдні пакой, ванная і прыбіральня лічацца месцамі агульнага карыстаньня. А на сваёй тэрыторыі я гаспадыня. У лядоўні ў мяне заўсёды былі самыя сьвежыя прадукты, сын не галадаў.
Пасьля таго, як суд пастанавіў забраць дзіця ў дзіцячы дом, быў накладзены арышт на маёмасьць Тацяны. Ня можа яна цяпер зьняць з банкаўскай карткі пэнсію па страце карміцеля, што прызначылі Захару пасьля сьмерці бацькі.
– З маёй мізэрнай зарплаты ў 268 рублёў утрымліваецца 213 за ўтрыманьне Захара ў дзіцячым доме, – тлумачыць Тацяна, – а яшчэ ж трэба знаходзіць сродкі і на адзеньне-абутак, зь якога падлеткі хутка вырастаюць, і на нейкія слодычы-садавіну, каб папесьціць дзіця. Я імкнуся яму і прыгатаваць нешта мясное, ён вельмі любіць катлеты. Дзіця маё займаецца прафэсійна футболам, на трэніроўцы набегаецца, а яму трэба калярыйнае харчаваньне для аднаўленьня сіл. З электрычнасьцю я праблему вырашыла, правяла падаўжальнікам ад суседзяў, якія ў сваёй кватэры практычна не жывуць. І аплачваю рахункі па электраэнэргіі рэгулярна. Я хачу знайсьці сабе яшчэ другую працу, але як гэта зрабіць з пашпартам, у якім стаіць штамп дэкрэту №18? Кручуся, вярчуся, спрабую пастаянна дзесьці яшчэ ўзяць падпрацоўку. Усё для дзіцяці. Хутка на працу давядзецца пешшу хадзіць, з грашыма вельмі дрэнна. Прыходжу на камісіі і чую: мы Вам дзіця ня вернем, Вы штраф не заплацілі, электрычнасьці ў кватэры няма. Прашу толькі: дайце мне хоць магчымасьць выплаціць у растэрміноўку, усё аддам. Але мяне ня чуюць.
Тацяна змахвае з твару сьлёзы. Яна вельмі сумуе па любімым сыне Захары.
– Папрасіла ў яго прабачэньня за тое, што апынуўся ў прытулку. І пачула: мама, ты ні ў чым не вінаватая! – уздыхае жанчына. – І сапраўды, у чым? У тым, што я не разабралася пасьля сьмерці мужа з аплатай за электрычнасьць? Я ня ведала, што ў нас у лічыльніку жучкі. Але ж я гатовая заплаціць штраф. Толькі вярніце мне дзіця!
Неўзабаве Тацяне трэба будзе мець яшчэ адзін паход у суд. Лёс Захара павінен вырашыцца: альбо яго вернуць маці (у што жанчына шчыра верыць), альбо Тацяну пазбавяць бацькоўскіх правоў, і хлопчык застанецца ў дзіцячым доме. Забраць яго адтуль будзе значна складаней.
Яўгенія Масквіна, vkurier.by