Дубровенская школа №1 выявілася не гатовай да 1 верасьня. 600 вучняў будуць туліцца па іншых будынках у другую зьмену.
Паводле традыцыі, урачыстая лінейка ў гонар Дня ведаў 1 верасьня адбылася ў двары школы № 1 горада Дуброўна. Аднак у саму школу першаклясьнікі і школьнікі іншых клясаў прайсьці не змаглі. Прычына – рамонт, які пачаўся ў школе толькі пры канцы ліпеня. Вядома, рабочыя не пасьпелі за такі кароткі час выканаць належны рамонт, а прычына – фінансавыя праблемы і нязграбнасьць мясцовых уладаў.
Цяпер вучні 1-й школы Дуброўны змушаныя займацца ў іншых будынках гораду, прычым некаторыя зь іх – у другую зьмену, хаця да гэтага году дубровенскія школьнікі апошні раз вучыліся ў другую зьмену яшчэ за часамі СССР. 1 і 2 клясы пачалі навучальны год у старым корпусе найстарэйшай школы гораду, якой больш за 40 гадоў. 3 і 4 клясы вучацца ў цэнтры дзяцей і моладзі. Вучні старэйшага зьвяна часова “перасяліліся” ў школу №2.
Вучобы ў другую зьмену можна было б пазьбегнуць, калі б працягнулі рамонт іншай школы, якая знаходзіцца побач з кляштарам бэрнардынаў. Але тую пяць гадоў таму зачынілі на рамонтныя работы, але правялі толькі маленькую дзель зь іх. Можна сказаць, што школе №1 яшчэ пашанцавала – яна трапіла ў праграму Сусьветнага банку, а безь яе рамонт мог бы пачацца яшчэ пазьней. Улады спадзяюцца, што пазыка Сусьветнага банку дапаможа забясьпечыць матэрыяльна-тэхнічную базу.
За верасень рамонт у асноўным корпусе школы будзе зроблены, і вучні працягнуць вучыцца ўжо ў сваёй школе. А пакуль 600 дубровенскіх школьнікаў вымушаныя туліцца па іншых будынках.
Цікава, што ў такой сытуацыі старшыня Дубровенскага выканкаму балятуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Анатоль Пятровіч Лукашоў зьяўляецца кандыдатам ад улады па Сеньненскай акрузе.
Падобная сытуацыя зь незавершаным рамонтам ёсьць і ў адной са школ Талачына. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады не паўсюль належным чынам падрыхтаваліся да навучальнага году 2016/17.
orsha.eu