Невядомыя асобы, якія хочуць дыскрэдытаваць дэмакратычных актывістаў, выкарыстоўваюць фота- і відэаматэрыялы з інтэрнэту. У выніку ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” зьявіліся відэаролікі зь пікетаў Тацяны Севярынец, Алены Шабуні і Георгія Станкевіча, але з зусім іншым гукавым шэрагам. Актывісты мяркуюць, што падчас падрыхтоўкі ролікаў маглі быць выкарыстаныя відэазапісы, зробленыя міліцэйскімі апэратарамі.
Словы гімну “Магутны Божа”, за сьпевы якога 27 ліпеня на траіх актывістаў завялі адміністрацыйныя справы, аўтар відэароліку замяніў на нецэнзурную лаянку. Зусім іншы зьмест набыў і відэаролік, зьняты на пікеце па зборы подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты Тацяны Севярынец і Алены Шабуні каля гандлёвага цэнтру “Green”.
Актывісты прыгадваюць, што нешта падобнае ўжо здаралася і падчас ранейшых выбарчых кампаніяў.
“Убачыўшы відэа зь пікету каля крамы “Green”, мы спачатку толькі пасьмяяліся і вырашылі, што ня будзем зьвяртаць увагі на глупствы”, – адкамэнтавала наяўнасьць “кампрамату” ў сацыяльных сетках Тацяна Севярынец.
Але відэа, на якім актывісты сьпявалі гімн “Магутны Божа”, пераробленае на нецэнзурныя сьпевы, Алена Шабуня лічыць ужо ня глупствам, а абразай:
“Па-першае, мы вернікі, і гэта проста блюзьнерства, калі нехта дазваляе сабе такія рэчы! Па-другое, замест нашых сьпеваў гучаць такія адборныя мацюкі, што прыкра слухаць. Такое выкладваць у інтэрнэт проста немагчыма! У нас мусяць быць адказныя службы, якія ў стане вылічыць аўтара ці хаця б распаўсюднікаў, і загадаць выдаліць гэтую брыдоту! Па-трэцяе, у мяне шмат пытаньняў да таго, што гэта наогул за відэазапіс: з такіх ракурсаў нас здымалі толькі міліцыянты. І падчас збору подпісаў, і падчас сьпеваў. Атрымліваецца, ролік з брыдкай лаянкай змантажаваў той, хто мае доступ да міліцэйскага архіву відэазапісаў?”
spring96.org