Віцебск. Ля пераходу на Марко-сіці сядзіць малады чалавек з мыліцай. Нават пры беглым позірку на яго чалавек (няхай і не знаёмы з мэдыцынай) разумее: хадзіць па вуліцах без апірышча мужчына ня можа. Пасьля атрыманай жахлівай траўмы мужчына атрымаў на МРЭК трэцюю групу інваліднасьці і пэнсію ў памеры 130 рублёў ад беларускай дзяржавы.
Грошай нестае і на ежу, не кажучы ўжо пра вопратку і абутак (а чаравікі выбраць складана, паколькі хворая нага ўвесь час апухае). Вось у цёплыя дні і сядзіць каля Летняга амфітэатру Аляксандар Шынкевіч, хлопец 34 гадоў. А побач сьпяшаюцца па сваіх справах мінакі. Ня ў кожнага знойдзецца хвілінка на спагаду і некалькі капеек для хворага.
– Як я стаў інвалідам? Гэта здарылася тры гады таму, калі я яшчэ з жонкай і дачкой жыў у Санкт-Пецярбургу, – распавядае Аляксандар, – на 8 сакавіка стаяў зь сябрам на прыпынку, пасьлізнуўся на «парэбрыку» (гэтак піцерцы завуць бардзюр) і зваліўся проста пад заднія колы тралейбуса, што пад'ехаў. Жанчына-кіроўца затармазіла, у выніку па маёй левай назе праехала цяжкое кола.
З чатырма адкрытымі пераломамі Сашу забралі ў клініку ваенна-палявой хірургіі, дзе правялі некалькі апэрацыяў па аднаўленьні ногі і перасадцы скуры. Аднак вярнуць маладому чалавеку былую рухомасьць так і ня здолелі. Саша ў кватэры яшчэ перасоўваецца без дапамогі мыліцы, а па вуліцы ня можа. Да таго ж у пашкоджанай назе сур'ёзна парушаны кровазварот, з-за чаго разьвілася слановая хвароба, пры якой канцавіна распухае.
– Я наведваю траўматоляга, але толькі дзеля таго, каб накіраваньне на МРЭК чарговае атрымаць ды пуцёўку раз на год у рэабілітацыйны санаторый у Юрцава, – кажа Аляксандар. – Нейкага эфэктыўнага лекаваньня мне не прапануюць. Упэўнены, што нагу яшчэ можна паспрабаваць вылечыць, але за межамі Беларусі. Але на апэрацыю ў добрай клініцы ў мяне грошай няма. Жыву на 130 рублёў. Добра, хоць не адзін, зь дзяўчынай. Нарадзіўся я ў Воршы, шмат гадоў жыў у Піцеры, там жа засталася мая сям'я, жонка са мной разьвялася. Квіток з Санкт-Пецярбургу ў Воршу купіла мне былая цешча. А з сакавіка жыву ў Віцебску ў дзяўчыны, зь якой пазнаёміўся пасьля траўмы.
Я б з задавальненьнем пайшоў працаваць, хоць вартаўніком, трэцяя група інваліднасьці гэта дазваляе. Але толькі хто мяне возьме? Вось і выходжу часам папрасіць грошай на вуліцу. А зімой жыву пустэльнікам у кватэры, харчуюся ў асноўным макаронамі ды гарохам. Я стаміўся, жыць ня хочацца, але трэба! Колькі ўжо адмерана мне, пражыву, хоць думкі накласьці рукі бывалі.
Саша ўздыхае і пачынае зьбірацца дадому. Удалося атрымаць ад мінакоў невялікую суму (а максымум, што можа сабраць у дзень інвалід ў Віцебску, паводле прызнаньня хлопца, гэта дзесьці рублёў 20), і можна купіць ежы.
Яўгенія Масквіна, vkurier.by
Фота аўтара