Каля 8-й раніцы 4 ліпеня ў рэанімацыйным аддзяленьні Віцебскага абласнога шпіталя пайшла з жыцьця сястра славутага літаратара Васіля Быкава, найбліжэйшая сваячка і захавальніца ягонай памяці.
Валянціна Ўладзімераўна Быкава трапіла ў абласны шпіталь 30 траўня, пасьля таго, як некалькі дзён яе лекавалі ва Ўшацкім раённым шпіталі. 89-гадовую спадарыню прывезла туды хуткая дапамога: 27 траўня на Валянціну Быкаву быў зьдзейсьнены напад, і яна зьвярнулася да лекараў, бо істотна пацярпела.
Невядомы зламысьнік – а нападніка дагэтуль так і не знайшлі – зайшоў у яе хату з бакавога ўваходу. А калі гаспадыня заўважыла прысутнасьць чужога чалавека, накінуўся на яе ззаду, заламіў рукі і пачаў душыць. Спадарыня Быкава закрычала, і ён уцёк. Аднавяскоўцы маюць вэрсію, што нападніка магла спалохаць імавернасьць быць засьпетым падчас злачынства – бо каля хаты да рэчкі часта езьдзяць трактары, і нехта з кіроўцаў мог угледзець чужынца.
Ва Ўшацкім шпіталі ў Валянціны Быкавай дыягнаставалі пералом запясьця правай рукі, левага пляча і некалькіх рэбраў зь левага боку. Падчас знаходжаньня ў Віцебскім абласным шпіталі да гэтага дадалася посттраўматычная пнэўманія. Лекары ўвесь час ацэньвалі яе стан як цяжкі – найперш у сілу сталага ўзросту пацыенткі. І катэгарычна выключылі магчымасьць адведваць спадарыню Валянціну, патлумачыўшы гэта правіламі ўнутранага распарадку рэанімацыйнага аддзяленьня. Пра стан яе здароўя лекары адмаўляліся паведамляць праз тэлефон, а пабачыцца з хворым у рэанімацыйным аддзяленьні, паводле правілаў шпіталя, наогул маюць права толькі найбліжэйшыя сваякі. У Валянціны Быкавай такіх не было.
Пасьля сьмерці старэйшага брата Васіля спадарыня Валянціна шмат рабіла для захаваньня ягонай памяці. Яна ліставалася з прыхільнікамі ягонай творчасьці, сябравала зь пісьменьнікамі і журналістамі, неаднаразова давала інтэрвію, распавядаючы пра Васіля Быкава. Калі ў Бычках стваралася мэмарыяльная сядзіба-музэй, яна давала парады па ўзнаўленьні інтэр’еру бацькоўскай хаты, у якой гадаваліся Васіль, Валянціна і малодшы брат Мікола.
Месцам пахаваньня Валянціны Ўладзімераўны сталі могілкі ў вёсцы Ваўчо Ўшацкага раёну. Гэта была воля сястры пісьменьніка, каб яе пахавалі на гэтых могілках побач з мужам.
Радыё Свабода