Людзі ўпэўненыя, што чыноўнікі замоўчваюць небясьпечныя наступствы пажару на хімкамбінаце.
18 чэрвеня ў цэху № 104 заводу «Палімір», які належыць «Нафтану», загарэлася газаразьмеркавальная ўстаноўка. Тры дні супрацоўнікі МНС астуджалі абсталяваньне, і цяпер цэх гатовы да рамонту і аднаўленьня працы. Аднак работнікі кажуць, што рэканструяваць трэба ўсё прадпрыемства, бо інакш яно будзе небясьпечнае для жыхароў Наваполацку.
Ад «Паліміру» да Наваполацку ўсяго сем кілямэтраў. І гараджане баяцца, што хоць ніхто і не пацярпеў, пажар можа мець небясьпечныя наступствы, перадае Радыё Свабода.
«Створкі зачыняйце і з дому не выходзьце!»
Гараджанка Ганна – адна з тых, хто пільна сочыць за навінамі з прадпрыемства:
«Сёньня выйшлі на шпацыр з унучкай – першы раз за апошнія дні. Але на душы неспакойна. Бо ў суботу над «Палімірам» стаяў слуп агню вышынёй пад 4 мэтры! Потым паведамілі, што пажар праз паўтары гадзіны патушылі, аднак «выратавальнікі» працавалі яшчэ некаторы час – вытворчую ўстаноўку трэба было астуджаць. І стаяў незвычайны пах. Што за смурод? Хто яго ведае! Мой зяць працуе на «Паліміры». Дык ён патэлефанаваў пасьля аварыі і сказаў: «Створкі зачыняйце і з хаты не выходзьце!»
«Пра здарэньне ходзяць плёткі, бо людзі ня ведаюць праўды»
На вуліцы Моладзевай – цэнтральнай вуліцы Наваполацку – як заўсёды людна. Ня ўсе людзі баяцца небясьпекі. Гараджанін Віталь рамантуе сваё аўто, і толькі гэта яго цяпер турбуе:
«МНС спрацавала як трэба! А людзі ў нас панікёры: кажуць ім, што ўсё добра – ня вераць! Тут плёткі хадзілі і што 28 чалавек загінула, і што моргі ўсе поўныя, і што выбухнулі ёмістасьці з вадародам, і што тут другі Чарнобыль, і што праўды нікому ня кажуць... Наконт смуроду скажу так. Людзі жывуць каля хімічнага прадпрыемства, а хочуць, каб пах быў, як ад ружаў! Хочаце – едзьце на вёску і працуйце там, на сьвежым паветры. Толькі ня плачце па заробках! Карацей, калі хочаце «страшылак» – распытайце бабуль ля пад'ездаў!»
«Мог адбыцца выбух, пажар тушылі больш за гадзіну»
Наступным выпадковым суразмоўцам стаў супрацоўнік адміністрацыі «Паліміру», які адмовіўся назваць сваё імя, але пагадзіўся на камэнтар:
«18 чэрвеня а 13:12 загарэлася газаразьмеркавальная ўстаноўка, а 14:22 пажар быў лякалізаваны. На шчасьце, удалося не дапусьціць разгермэтызацыі абсталяваньня. Калі б ня гэта – мог бы адбыцца выбух. Чаму выратавальнікі працавалі яшчэ двое сутак? Яны астуджалі канструкцыі, рабілі вадзяную заслону ад пажару і сачылі, каб дагарэлі вуглевадародныя газы. Не разумееце, пра што я кажу? Вам і ня трэба. У нас тут і так занадта шмат разумнікаў і крытыкаў. А я хачу сказаць, што пэрсанал спрацаваў выдатна, ахвяраў няма, экалягічнае становішча ў горадзе нармальнае. І адразу было нармальнае – нават у першы дзень у атмасфэры шкодных рэчываў не было звыш нормы!»
«Сапраўдныя наступствы адчуем праз 10-15 гадоў»
Да размовы нечакана далучаецца яшчэ адзін чалавек, гадоў пад 35, у відавочна нэрвовым настроі:
«Вы яшчэ скажыце, што ў гэтым чорным дыме шмат вітамінаў! Вам бы толькі людзей супакоіць. А сапраўдныя наступствы, можа, мы адчуем гадоў праз 10-15, калі пачнём паміраць ад якой-небудзь анкалёгіі. Хто тады ўспомніць пра пажар на «Паліміры»? Хто будзе вінаваты?»
Супрацоўнік адміністрацыі кажа, што вінаватых шукаюць. З 20 чэрвеня сьледчыя і крыміналісты працуюць над здарэньнем. Прайшла пажарна-тэхнічная экспэртыза, вызначаюць, колькі шкоды зрабіў пажар, правяраюць дакумэнты.
«На« Паліміры »– абсталяваньне 1960-х гадоў, яно і стала прычынай пажару»
Чалавек, які назваўся Аляксеем, працягвае яшчэ зь вялікшым абурэньнем:
«Зробяць вінаватым адказнага за пажарную бясьпеку. Вось і ўся будзе праверка! На «Нафтане» ня першы год ідзе мадэрнізацыя, а на «Паліміры» дагэтуль працуе абсталяваньне канца 1960-х! Самому «малодшаму» у цэху – ужо больш за 30 гадоў, усё псуецца. Хутка грымнецца, і застанемся мы бяз працы! Усе рэсурсы ідуць на «Нафтан», бо нафта зараз танная і перапрацоўваць яе выгадна. Але ж і рынак плястмасы не стаіць на месцы. Трэба і гэта разумець. У нас – не разумеюць. Звонку траву косяць і прыгладжваюць да прыезду самі ведаеце каго, а ўнутры разруха!»
«Рабочым з «Паліміру» забаронена распавядаць пра аварыю»
Шмат у каго ўласныя фатаграфіі аварыі. Слуп дыму быў бачны здалёку, кажа Аксана, 27-гадовая жыхарка Наваполацку:
«Я ў дэкрэтным, у мяне маленькае дзіця, і я нічога ня ведаю, што рабіць, калі на «Паліміры» або «Нафтане» нешта сур'ёзна бухне! Нядаўна на гарадзенскім «Азоце» быў выбух, і таксама начальства даказвала, што ўсё нармальна, і ніякіх наступстваў ня будзе. У нас на «Паліміры» ўжо другі раз такое адбываецца. Цяпер 104-ы цэх, а ў красавіку гарэў 105-ы. Быў выкід этылену. Дарэчы, і летась у верасьні ў 105-м цэху была надзвычайная сытуацыя, спрацавала аварыйнае спыненьне працэсу. Мой муж працуе на «Паліміры»: кажа, што ім забаронена дзяліцца якімі-небудзь зьвесткамі і заліваць у інтэрнэт фатаграфіі. З аднаго боку, я разумею – каб не перашкаджаць расьсьледаваньню. А з другога – хто ж дазволіць паніку рабіць? Асабліва перад выбарамі».
***
«Палімір» выпускае поліэтылен высокага ціску, прадукты арганічнага сынтэзу, вуглевадародныя фракцыі, малатанажную хімію. Таму на вытворчасьці прадпрыемства пастаянна праходзяць складаныя хімічныя працэсы, якія без належнай увагі могуць стаць небясьпечнымі.
У Наваполацку на «Нафтане» і «Паліміры» працуе каля 65-70% насельніцтва. Таму ўсе суразмоўцы просяць не фатаграфаваць іх для СМІ. Шмат карыстачоў сацыяльных сетак камэнтуюць здарэньне на «Паліміры» пад псэўданімамі. Гэта найперш тыя, хто зважае на праблему састарэлага абсталяваньня, якое лічаць галоўнай прычынай пажару.
Заявы кіраўніцтва пра тое, што прычын для турботы няма, многія ўспрымаюць скептычна. Камэнтары насьмешлівыя – нават у форме сатырычных вершаў.
Гараджане старэйшага ўзросту прыгадваюць, што яшчэ ў другой палове 1980-х у Наваполацку быў цi ня самы магутны на прасторах СССР экалягічны рух. І патрабавалі нават закрыцьця «Паліміру», распавядае гараджанін Уладзімер:
«За савецкім часам на прыродаахоўныя мерапрыемствы ўвагі зьвярталі мала. Заводы давалі прыбытак, а на выкіды кіраўніцтва не зважала – у КПСС былі іншыя задачы і лёзунгі. Але аднойчы неабыякавыя гараджане апублікавалі сэнсацыйныя факты – што на галовы жыхарам Наваполацку штогод падаюць цэлыя тоны шкодных выкідаў! Абурэньню не было межаў, у Наваполацку зьбіраліся шматтысячныя мітынгі. Вельмі яскравым, харызматычным лідэрам быў «паліміравец» Генадзь Майсееў. Ён быў выдатны прамоўца, яго слухалі, яму верылі. Актывістам экалягічнага руху быў Анатоль Кулік – таксама з «Паліміру». Былі яшчэ сьмелыя людзі. Патрабавалі ачышчальных збудаваньняў, каб ня ўводзіліся новыя магутнасьці... Тады ўлады ня ведалі, што з гэтым усім рабіць! А цяпер навучыліся затыкаць людзям раты. А сабе – вушы, каб ня чуць, што пра іх людзі кажуць!»
Наваполацак, які пачалі будаваць у 1958-м годзе, усяго толькі на 10 гадоў старэйшы за «Палімір», пабудаваны ў 1968-м. Кажуць, што на прадпрыемстве ёсьць абсталяваньне, якое працуе з тых часоў, хоць усе тэрміны амартызацыі даўно прамінулі. У 2008 годзе прадпрыемства «Палімір», якое паступова прыходзіла ў заняпад, далучылі да больш пасьпяховага ААТ «Нафтан».
Сам «Палімір» займае тэрыторыю каля 800 гектараў. Увесь Наваполацак усяго толькі ў 6 разоў большы. Амаль у кожнай сям'і ёсьць «паліміравец», былы або цяперашні. Таму патэнцыйную небясьпеку ад прадпрыемства са састарэлым абсталяваньнем разумеюць амаль усе. Разумеюць і тое, што грошай на мадэрнізацыю ў краіне са слабай эканомікай няма. Людзі дзівяцца: чаму ў такім становішчы, калі ўвесь час паўтараюцца небясьпечныя здарэньні на «Паліміры», Наваполацак адзначаны на Рэспубліканскай дошцы гонару?
charter97.org