У Чашніках клапатлівая бабуля «стуканула» на свайго ўнука, знайшоўшы ў яго пакет зь невядомым на той момант для яе зьмесьцівам. Адразу западозрыўшы нядобрае, што нашчадак ужывае наркатычныя рэчывы, жанчына зьвярнулася ў міліцыю.
Пра тое, што ўнук мае пакецік зь нейкай «траўкай», бабуля спачатку пачула ад свайго сына. Такая інфармацыя яе проста ашаламіла. Бо пра наркотыкі, пра тое, наколькі яны шкодныя для здароўя, яна чула дастаткова. Ведала яна і пра такія выпадкі, калі празь сяброўства з наркатычнымі рэчывамі людзям давалі рэальны тэрмін, ёй былі вядомыя і такія гісторыі, калі «зельле» выклікала хуткую залежнасьць. Не пажадаўшы роднаму чалавеку падобнай долі, жанчына вырашыла дзейнічаць. Забраўшы ў кватэры сына той злашчасны пакецік, бабуля пайшла ў міліцыю.
Спэцыялісты выявлі, што прынесенае «зельле» зьяўляецца сумесьсю небясьпечнага наркотыку.
Судзьдзя суду Чашніцкага раёну Віктар Быстроў распавёў, што ў працэсе дэталёвага расьсьледаваньня выявілі, што пакуначак зь «зельлем» быў знойдзены 19-гадовым хлопцам каля аднаго з дамоў у раённым цэнтры і, адпаведна, прысабечаны. Невядома, які канец быў бы ў гэтай гісторыі, не ўмяшайся клапатлівая сваячка...
Пры вынясеньні прысуду судом былі улічаныя ўсе акалічнасьці справы. Хлопца прызналі вінаватым у тым, што ён незаконна бяз мэты збываць набыў, захоўваў наркатычныя сродкі. Дзецюку далі 2 гады з адтэрміноўкай пакараньня на год, калі ён будзе выконваць вызначаныя патрабаваньні. Акрамя таго, юнаку прызначаная крымінальна-прававая кампэнсацыя ў памеры 8 мільёнаў 400 тысяч рублёў.