Ужо якую зіму віцебчукі, якія пражываюць па адрасе вул. Багатырова, 20, ня могуць пахваліцца цёплымі батарэямі ў кватэрах і добрым асьвятленьнем у ліфце дому. Пра тое, што праблема з батарэямі, як высьветлілася, ужо даўняя, паведаміла журналісту выданьня «Витебский курьер» Вольга, якая зьяўляецца чальцом таварыства ўласьнікаў «Амалія».
Дзяўчына распавяла, што яшчэ некалькі гадоў таму, у 2011-м, яна зьвярнулася да старшыні ТУ Сяргея Вярбанава з просьбай праверыць батарэі. У выніку прыйшоў сантэхнік, які сказаў пра няправільнае іх падключэньне, хоць дом засялялі ў 2010-м.
І безь перабольшаньня, у аднапакаёўцы на 3-м паверсе, дзе жыве Вольга, з ацяпленьнем нешта дзіўнае. Напрыклад, на кухні батарэі цёплыя, у жылым пакоі - ужо халодныя. Як распавяла віцяблянка, у яе суседзяў у гэтым жа пад'езьдзе, у якіх такая самая пляніроўка кватэры, толькі яны на 10-м паверсе, падобныя праблемы: адна з сэкцыяў няцёплая. У самой кватэры ўмовы досыць халаднаватыя. Хоць за паслугу цеплазабесьпячэньня Вольга заплаціла ня так даўно больш за 142 тысяч рублёў. У цэлым сума базавых паслуг за «камуналку» за студзень была роўная 336 тысяч.
Тады дзяўчына вырашыла параўнаць суму сваёй жыроўкі і жыроўкі тых, хто жыве ў доме № 23, якія належаць да іншага таварыству ўласьнікаў. І розьніца выявілася істотная: за кватэру, плошча якой такая самая, як у Вольгі, жыхары дому 23 заплацілі менш - блізу 250 тысяч. Для кагосьці разьбежка ў сумах мо’ здаецца невялікай, аднак для таго, у каго заработная плата невысокая і хто плаціць крэдыт за кватэру, розьніца ў 80 з хвастом значная.
Паводле словаў Вольгі, аплата паслуг сантэхніка імі робіцца, аднак вось датэлефанавацца да яго не атрымліваецца. Часам нават даводзіцца выклікаць зь іншага ТУ, калі вельмі трэба. Чаму так - у жыхароў дому №20 адказу няма. Таксама сярод праблем - няпоўная асьветленасьць ліфта (не гарыць адна лямпа), дрэннае асьвятленьне ў пад'езьдзе. Занепакоенасьць у жыхароў выклікаюць і сьцены ў пад'езьдзе: дзесьці тынкоўкі ўжо няма, дзесьці ўжо расколіны, а дом жа яшчэ малады.
Старшыню жа пра ўсё гэта казалася, як і пра праблемы з батарэямі. І калі спачатку сантэхнік сказаў пра хібнае падлучэньне, то другім разам, калі яго выклікалі, ён проста спусьціў паветра зь іх. Аднак праблема гэтым вырашаная не была.
Зьбянтэжанасьць чальцоў ТУ «Амалія» выклікае і пункт «рэзэрвовы фонд» у жыроўцы. Штомесяц туды ідуць адлічэньні ў памеры 5 тысяч. Паводле словаў старшыні, як распавяла Вольга, грошы накіроўваюцца на зарплату пашпартыстцы.
Сам Сяргей Вярбанаў растлумачыў, што гэта ня так, што грошы накіроўваюцца на добраўпарадкаваньне дому, на рамонтныя работы. У якасьці прыкладу ён прывёў куплю ім ў 2014-м на сродкі з рэзэрвовага фонду новай помпы ў цеплавы пункт за 15 мільёнаў 700 тысяч. Што да ацяпленьня, ён растлумачыў, што на доме ёсьць датчык, якім счытваецца тэмпэратура на вуліцы і награваюцца батарэі да неабходнай тэмпэратуры. Адпаведна, пры марозе ў кватэрах батарэі больш цёплыя, а пры плюсавай тэмпэратуры на вуліцы ідзе меншае награваньне батарэяў, растлумачыў старшыня.
На пытаньне пра асьвятленьне ў ліфце ён адказаў, што за гэта адказны «Віцебскліфт». Нумары ж тэлефонаў неабходных арганізацыяў і адмыслоўцаў можна знайсьці на інфармстэндзе.
Акрамя таго, у ТУ існуе і кніга заўваг і прапаноў. Там на сёньня запісаў няма, дадаў Вярбанаў.
Паводле словаў Вольгі атрымліваецца, што жыхары дому №20 не аднойчы зьвярталіся асабіста да старшыні свайго таварыства. Паводле ж словаў Сяргея Вярбанава, жыхары не паведамляюць яму асабіста аб праблемах.
Што да кнігі заўваг і прапаноў - там сапраўды пуста. Але, па прызнаньні Вольгі, пра такі мэтад выказваньня заўваг яна ня ведала, на сходах жа пра гэта таксама ніколі нічога не казалася.
На жаль, шмат што і дасюль застаецца незразумелым. Незразумела, напрыклад, чаму жыхары суседніх дамоў плацяць розную суму за роўныя ўмовы пражываньня і чаму праблемамі дому ніхто, у прыватнасьці старшыня, ня хоча займацца.