19 студзеня віцебскі прадпрымальнік Анар Іваноў спыніў шасьцідзённую галадоўку, якую абвясьціў у сувязі з прэтэнзіямі да ЖРЭУ Першамайскага раёну. Пасьля капітальнага рамонту цана арэнды была павялічана ўтрая. Аднак квітанцыя на аплату не зьмяшчала ніякай адзнакі, што грошы пойдуць менавіта на арэнду.
Галадоўка атрымала розгалас сярод прадпрымальнікаў і грамадзкасьці гораду, таму прадстаўнікі ЖРЭУ зьмянілі ўзор квітанцыі і паабяцалі паспрыяць у задавальненьні высунутых патрабаваньняў. У выніку Анар Іваноў спыніў свой пратэст.
Прадпрымальнік, які на працягу пятнаццаці гадоў арандаваў памяшканьне крамы «Ліза», кажа:
– Мне трэба яшчэ прыйсьці ў нармальны стан, трэба адпачыць, бо ўчора я нават ня ведаў, які дзень. Што да галадоўкі, яна мела пэўную мэту. Яна адбывалася непасрэдна ў памяшканьні, за якое я змагаўся. На жаль, дырэктыва № 4 не працуе. Рахункі на аплату вялікія. Людзі, што працяглы час арандуюць памяшканьне, зрастаюцца зь ім, робяць шмат: даглядаюць, рамантуюць, укладаюць сродкі і душу, бо перакананыя, што працуюць на пэрспэктыву. Яны ўжо лічаць сябе ў нейкай ступені ўласьнікамі. Але ж атрымліваецца, што не для сябе: памяшканьне адрамантаванае, усё гатовае – падымаецца арэнда, аднак атрымаць ва ўласнасьць не дазваляюць. Гэта абурае, абурае ня толькі мяне.
Калі прадпрымальніка ставяць у такое становішча, абіраеш пратэст. І тут толькі трэба вырашыць: альбо рабіць гэта адкрыта, альбо паціху паміраць дома. Я вырашыў дома не паміраць. Я гатовы быў ісьці да канца. Дзіўна, у нейкі момант трапляеш у такі стан, калі ўсё становіцца абыякава. Сіла пратэсту перамагае розум.
Шкада, вядома, калі ва ўласнасьць памяшканьне мне не перададуць, але спадзеў усё-такі ёсьць. Я ж сваёй дзейнасьцю прыношу гораду карысьць. Паабяцалі арэнду не падымаць, каэфіцыент – «тройка», сказалі: працуйце.
С. Горкі
Фота: Радыё Свабода