Усе мерапрыемствы, якія віцебскія актывісты праваабарончага руху хацелі правесьці на пачатку сьнежня, былі альбо забароненыя, альбо праігнараваныя дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі і органамі мясцовай улады.
Напярэдадні 10 сьнежня – чарговай гадавіны прыняцьця сусьветнай супольнасьцю Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека – праваабаронцы зьвярнуліся з прапановамі да мясцовых уладаў і кіраўніцтва сродкаў масавай інфармацыі Віцебску. Грамадзкія актывісты спадзяваліся правесьці разам з уладамі і дзяржаўнымі СМІ шэраг мерапрыемстваў, прысьвечаных 67-й гадавіне прыняцьця найважнейшага міжнароднага дакумэнту ў галіне правоў чалавека і асноўных грамадзянскіх свабодаў.
Аднак усе, да каго былі накіраваныя звароты праваабаронцаў, адказалі адмовамі ўдзельнічаць у мерапрыемствах, прапанаваных імі, альбо забаронамі ў правядзеньні гэтых мерапрыемстваў.
Так, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Аляксандар Ільмовіч забараніў пікет, які праваабаронцы зьбіраліся правесьці 10 сьнежня ў парку Культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Прычына, якая дала падставу ўладам адмовіць заяўнікам у магчымасьці правесьці масавае мерапрыемства – адсутнасьць у іх заключаных дамоваў зь міліцыяй, камунальнікамі і мэдычнымі работнікамі на абслугоўваньне пікету. Але праваабаронцы прытрымліваюцца іншай вэрсіі прычыны адмовы – гэта адсутнасьць у кіраўніцтва гораду палітычнай волі для наладжваньня супрацы з праваабаронцамі ў галіне прасоўваньня ідэі правоў чалавека сярод віцебчукоў.
Зварот да дырэктара РУП РТЦ «Тэлерадыёкампанія “Віцебск”» з прапановай падрыхтаваць праграму, прысьвечаную прыняцьцю Генэральнай Асамблеяй ААН Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, быў віцебскімі тэлевізійнікамі праігнараваны. У прапанаванай імі перадачы праваабаронцы гатовыя былі абмеркаваць з прадстаўнікамі ўладаў стан грамадзянскіх і палітычных правоў у Віцебску, а таксама праінфармаваць жыхароў вобласьці пра магчымасьці і спосабы абароны эканамічных, сацыяльных і культурных правоў чалавека.
Праваабаронцамі была накіраваная прапанова і галоўнаму рэдактару газэты «Віцьбічы»: падрыхтаваць матэрыялы, прысьвечаныя 67-годзьдзю прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, у тым ліку апублікаваць інтэрвію з праваабаронцамі Віцебску. Зь першай прапановаю праваабаронцаў супрацоўнікі рэдакцыі газеты пагадзіліся і паабяцалі, што на старонках выданьня зьявіцца публікацыя аб прыняцьці Генасамблеяй ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Аднак інтэрвію з праваабаронцамі чытачы гэтага выданьня, на жаль, ня ўбачаць.
А вось Віцебскі гарадзкі Савет дэпутатаў на прапанову падрыхтаваць і правесьці «круглы стол», прысьвечаны прыняцьцю дэклярацыі, адказаў сьціплым маўчаньнем. Тым самым кіраўніцтва гарадзкога Савету паказала сваё сапраўднае, грэблівае стаўленьне да праваабарончай супольнасьці і сыстэмы абароны правоў чалавека. Такія паводзіны абранага грамадзянамі гарадзкога прадстаўнічага органу ўлады наўрад ці дапушчальныя.
Што тычыцца выканаўчай улады гораду, начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму Натальля Шыёнак паведаміла праваабаронцам, што ў пляне мерапрыемстваў гэтага дзяржоргану не заплянаваныя мерапрыемствы прапанаванай тэматыкі, зьвязаныя з прыняцьцем ААН Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Зрэшты, Натальля Аляксееўна ўсё ж такі ўскосна падтрымала ініцыятыву віцебскіх праваабаронцаў: маўляў, калі хочаце правесьці круглы стол, прысьвечаны згаданай падзеі, то калі ласка, праводзьце – але толькі бяз нас. Аднак праваабаронцы разумеюць, што без удзелу уладаў губляе сэнс правядзеньне якога-небудзь публічнага мерапрыемства, бо толькі з удзелам прадстаўнікоў уладаў мэты гэтага круглага стала могуць быць рэалізаваныя ў поўнай меры.
Лявон Яфрэменка