Прадстаўнікі віцебскіх пракуратураў праігнаравалі заявы праваабаронцы Валера Місьнікава пра факты парушэньня дзейнага заканадаўства з боку шэрагу службовых асоб. Вартавыя правапарадку, спасылаючыся на закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, аб’явілі спадара Місьнікава неналежным заяўнікам і пакінулі яго скаргі без разгляду і пракурорскага рэагаваньня.
Вось ужо больш за паўгода праваабаронца вядзе безвыніковае ліставаньне з пракурорам гораду Віцебску Юрыем Раманоўскім і пракурорам Віцебскай вобласьці Генадзем Дыско. На неаднаразовыя заявы Валера пра парушэньні патрабаваньняў заканадаўства – пра непадаваньне інфармацыі заяўніку або наўмыснае яе скажэньне дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ды кіраўнікамі прадпрыемстваў - пракуроры не адрэагавалі належным чынам і не правялі неабходных праверак.
І, як вынік, не было складзена ніводнага пратаколу аб правапарушэньнях у дачыненьні да нядбайных чыноўнікаў (у выпадках, калі праверка выявіла б такія правапарушэньні) і не вынесена ніводнай пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні адміністрацыйных спраў (калі сыгнал аб правапарушэньні аказаўся б ілжывым).
Так, адказныя работнікі пракуратуры адмовіліся прыцягнуць да адказнасьці кіраўніцтва ААТ «Чырвоны Кастрычнік» за тое, што службовыя асобы гэтага прадпрыемства незаконна звольнілі маладога спэцыяліста, які не пасьпеў адпрацаваць належны тэрмін па разьмеркаваньні. Прычыну сваёй адмовы ад рэагаваньня на паведамленьне аб правапарушэньні вартавыя закону патлумачылі тым, што заяўнікам выступіў не пацярпелы малады спэцыяліст, а праваабаронца Місьнікаў.
Апошні ў сваіх заявах і скаргах у пракуратуру неаднаразова зважаў таксама на парушэньні з боку работнікаў міліцыі і судзьдзяў Закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» і міжнародных дамоваў у сфэры свабоды мірных сходаў.
У прыватнасьці, Місьнікаў прыводзіў нядаўні прыклад перасьледу віцебскіх незалежных журналістаў, калі маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў, судзьдзі Дзяніс Губанаў і Алена Цыганкова прызналі фатаграфаваньне групы асоб на адной з вуліц гораду адміністрацыйным правапарушэньнем. Работнікі міліцыі і судоў, вызначыўшы фатаграфаваньне як масавае палітычнае мерапрыемства, незаконна, на думку праваабаронцы, пакаралі журналістаў вялікімі штрафамі.
Ва ўсіх пералічаных выпадках пракуроры адмовіліся разглядаць заявы аб парушэньнях закону з-за адсутнасьці ў праваабаронцы дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі яго паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы грамадзян у дзяржаўных органах.
На падставе шасьцімесячнага ліставаньня з органамі пракуратуры, Валер Місьнікаў робіць простую, але сумную выснову: «Вера ў тое, што ашуканству з боку прадстаўнікоў улады супрацьстаяць і пракуратура, і сілавыя структуры дзяржавы зьяўляецца наіўнай памылкай».
Віцебская вясна