 30 студзеня сябры ГА "БАЖ" сустрэліся для супольнага абмеркаваньня шырокага кола праблемаў. Калегі разважалі пра аспэкты ўзаемадзеяньня НДА зь мясцовымі ўладамі, пра асаблівасьці працы журналістаў, што зьявіліся ў сувязі са зьменамі ў Законе аб СМІ, пра пэрспэктыўныя пляны дзейнасьці ў 2015 годзе. А таксама вучыліся, якім чынам можна палепшыць напаўненьне мясцовых інтэрнэт-сайтаў за кошт якасных фотарэпартажаў.
30 студзеня сябры ГА "БАЖ" сустрэліся для супольнага абмеркаваньня шырокага кола праблемаў. Калегі разважалі пра аспэкты ўзаемадзеяньня НДА зь мясцовымі ўладамі, пра асаблівасьці працы журналістаў, што зьявіліся ў сувязі са зьменамі ў Законе аб СМІ, пра пэрспэктыўныя пляны дзейнасьці ў 2015 годзе. А таксама вучыліся, якім чынам можна палепшыць напаўненьне мясцовых інтэрнэт-сайтаў за кошт якасных фотарэпартажаў.
Леанід Гаравы, сябра БАЖ з райцэнтру Гарадок, які таксама зьяўляецца экспэртам ГА "Самакіраваньне і грамадзтва", прадставіў прысутным вынікі маніторынгу ацэнкі ўдзелу НДА і грамадзкасьці  ў працэсе прыняцьця рашэньняў мясцовымі ўладамі. На прыкладах Віцебску, Аршанскага і Пастаўскага раёнаў ён распавёў пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца грамадзяне, у тым ліку і журналісты, калі спрабуюць прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да вырашэньня канкрэтных праблем. Прадметам аналізу Гаравога сталі сайты мясцовых органаў улады, дзе вельмі нерэгулярна публікуюцца рашэньні выканкамаў, гарадзкіх і раённых саветаў.
Прысутныя акцэнтавалі ўвагу на праблеме атрыманьня інфармацыі ад дзяржаўных структураў, а таксама на тым, што журналістам недзяржаўных СМІ практычна немагчыма трапіць на паседжаньні выканкамаў і мясцовых саветаў. Гэта вядзе да таго, што спажыўцам інфармацыі – мясцовым жыхарам – не ўдаецца атрымаць аб'ектыўнага апісаньня шмат якіх праблемных сытуацыяў у рэгіёне, якія часта прыхоўваюць ад увагі шырокай грамадзкасьці або папросту замоўчваюць.
Тэму складанасьці журналісцкай працы працягнуў праваабаронца, сябра ГА "БАЖ" Павал Левінаў. Ён казаў пра аспэкты працы журналіста, зьвязаныя са зьменамі ў Законе аб сродках масавай інфармацыі, у тым ліку датычна інтэрнэт-СМІ – тым сродкам інфармаваньня і камунікацыі з чытачамі, які робіцца ўсё больш папулярным і запатрабаваным.
Гэтыя акалічнасьці, на думку прысутных, зьяўляюцца істотным стымулам для паляпшэньня працы мясцовых інтэрнэт-рэсурсаў. Як можна дапоўніць і ўдасканаліць зьмест матэрыялаў сайту за кошт якасных фотаздымкаў і фотарэпартажаў, распавёў фатограф і відэаапэратар Аляксандар Зянкоў, кіраўнік барысаўскай суполкі ГА "БАЖ". Удзельнікамі віцебскай сустрэчы якраз і былі ў асноўным тыя, хто займаецца рэдагаваньнем мясцовых інтэрнэт-рэсурсаў (у Віцебску і Віцебскім раёне, Гарадку і Бешанковічах) або супрацоўнічае з рэгіянальнымі інтэрнэт-выданьнямі. Было абмеркавана шмат практычных пытаньняў наконт апрацоўкі фота і розных аспэктаў жанру фотарэпартажу.
Паколькі на сустрэчу ў Віцебск прыехалі прадстаўнікі розных рэгіёнаў, яны выказвалі пажаданьні і наконт далейшага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У першую чаргу паміж суполкамі Віцебшчыны, дзе найбольшая колькасьць сяброў БАЖ жыве ў абласным цэнтры, Полацку, Глыбокім, Воршы, а таксама паміж філіямі найбліжэйшых рэгіёнаў суседніх абласьцей (Барысава, Горак, Бабруйску). Міжрэгіянальныя сустрэчы, прысьвечаныя супольным праблемам суседніх рэгіёнаў або арганізаваныя з мэтаю навучаньня, мусяць паспрыяць і росту прафэсійнага майстэрства, і наладжваньню сяброўскіх сувязяў, і ўмацаваньню журналісцкай салідарнасьці.
baj.by