Малочна-таварная фэрма ў Сеньненскім раёне дагэтуль не дабудаваная па віне генпадрадчыка, паведамілі ў прэс-службе Камітэту дзяржаўнага кантролю. Аршанскі міжрайаддзел фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю па Віцебскай вобласьці выявіў факты злоўжываньняў службовымі паўнамоцтвамі з боку дырэктара дзяржаўнага будаўнічага прадпрыемства.
Зьяўляючыся генэральным падрадчыкам па будаўніцтве малочна-таварнай фэрмы ў Сеньненскім раёне, прадпрыемства ў 2012 годзе атрымала больш за Br500 млн мэтавых авансаў для аплаты зялезабэтонных вырабаў (пліт перакрыцьця). Грошы былі выдаткаваныя за кошт крэдытнай лініі, адкрытай у банку заказчыку па будаўніцтву.
Нягледзячы на гэта на загад дырэктара будаўнічага прадпрыемства гэтую суму накіравалі на іншыя мэты - на пагашэньне крэдыторскай запазычанасьці і адсоткаў па раней выдадзеных крэдытах, выплату заработнай платы і адлічэньні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
У выніку на аб'ект, які будуецца, дагэтуль не пастаўленыя ўсе неабходныя пліты перакрыцьця, і, адпаведна, малочна-таварная фэрма ў эксплёатацыю ня ўведзеная. Такім чынам, дзеяньні дырэктара будаўнічага прадпрыемства прычынілі істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам.
Па гэтым факце пракуратурай Аршанскага раёну распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 424 (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Максымальны тэрмін пакараньня паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да шасьці гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю. У цяперашні час па крымінальнай справе вядзецца папярэдняе сьледзтва.
belta.by