Як стала вядома, яшчэ пры канцы траўня судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Тацьцяна Жураўкова вынесла пастанову аб спыненьні прымусовых мер бясьпекі і лекаваньня ў дачыненьні да віцебскага праваабаронцы Валера Місьнікава. Такога рашэньня суду праваабаронца дамагаўся больш за шэсьць гадоў.
Перасьлед Валера Місьнікава з выкарыстаньнем прымусовага псыхіятрычнага лячэньня распачаўся ў верасьні 2007 году. Тады пастановай суду Кастрычніцкага раёну Віцебску да праваабаронцы былі ўжытыя прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня ў сувязі з учыненьнем, у стане бесьсьвядомасьці, грамадзка небясьпечных дзеяньняў, прадугледжаных арт. 269 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 2 арт. 377 (Крадзеж, зьнішчэньне, пашкоджаньне або ўтойваньне дакумэнтаў, штампаў, пячатак, крадзеж блянкаў). Судзьдзя Жураўкова ў закрытым судовым пасяджэньні палічыла даказанымі факты таго, што Місьнікаў публічна абразіў работніка пракуратуры і выкраў з будынку абласной пракуратуры матэрыялы сваёй крымінальнай справы.
Дзеля лекаваньня Місьнікаў быў накіраваны ў УАЗ «Браслаўскі абласны псыхіятрычны шпіталь », які знаходзіцца ў в. Слабодка Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці, дзе ён правёў больш за сем месяцаў. Пад ціскам Сусьветнай псыхіятрычнай асацыяцыі (Швэйцарыя) у траўні 2008 году адміністрацыя псыхлякарні зьвярнулася ў суд з просьбай зьмякчыць ўмовы лячэньня – замяніць знаходжаньне ў закрытым псыхіятрычным шпіталі на прымусовае амбуляторнае назіраньне і лячэньне ў псыхіятра па месцы жыхарства. Хадайніцтва было задаволенае, і да красавіка 2014 году Валер Місьнікаў штомесяц сустракаўся са сваім які лечачым урачом-псыхіятрам.
Падчас кожнай сустрэчы з доктарам праваабаронца заяўляў пра тое, што яму няма неабходнасьці ў назіраньні і лячэньні ад псыхіятрычнага захворваньня, бо адчувае сябе здаровым. Ён настойліва патрабаваў ад кіраўніцтва УАЗ «Віцебскі абласны клінічны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі» вырашыць пытаньне аб спыненьні прымяненьня прымусовых мер бясьпекі і лячэньня.
Але толькі па заканчэньні шасьці гадоў зьнявагаў камісіяй лекараў было вызначана, што ў Місьнікава псыхічны стан палепшыўся і наступіла такое зьмяненьне характару захворваньня, пры якім адпала неабходнасьць у прымусовых мерах бясьпекі і лячэньня ў выглядзе амбуляторнага назіраньня. Камісія клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, аднак, палічыла, што праваабаронцу трэба ўсё ж пакінуць пад дыспансэрным наглядам.
У выніку суду не засталося нічога, як пагадзіцца з рашэньнем мэдычнай камісіі і вынесьці пастанову аб спыненьні ў дачыненьні да Валера Місьнікава амбуляторнага назіраньня і лекаваньня ў псыхіятра.