Прыкладна 50% індывідуальных прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці падалі ў падатковыя органы «нулявыя дэклярацыі» напярэдадні ўступленьня ў сілу з 1 ліпеня ўказу Лукашэнкі № 222 аб рэгуляваньні дзейнасьці ІП. Такія дэклярацыі падаюцца ў выпадку адсутнасьці выручкі. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу «Разам», віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч.
Указ Лукашэнкі забараняе гандаль без сэртыфікатаў і суправаджальных дакумэнтаў на тавары, у тым ліку тых, што ўвозяцца з краін Мытнага саюзу. Прадпрымальнікі сьцьвярджаюць, што гэтае патрабаваньне невыканальнае - яно залежыць не ад іх, а ад пастаўшчыкоў, у асноўным расейскіх, у якіх атрымаць патрэбныя дакумэнты практычна немагчыма. Дакумэнт таксама вызначае пераходны пэрыяд да 1 сакавіка 2015 году, калі ІП могуць распрадаваць рэшткі тавараў без дакумэнтаў. Вопіс гэтых тавараў неабходна зарэгістраваць у падатковым органе да 30 ліпеня бягучага году. Тым ня менш шматлікія прадпрымальнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што гэты ўказ наўпрост не дазваляе рэалізоўваць рэшткі тавараў без сэртыфікатаў МС.
На сумесным паседжаньні, якое адбылося на мінулым тыдні, прадстаўнікі Міністэрства гандлю і Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі дазволілі ІП прадаваць рэшткі тавараў па вопісу без сэртыфікатаў МС, аднак дакумэнтальна гэтае рашэньне пакуль ніяк не пацьверджанае.
Паводле слоў Яскевіч, 24 чэрвеня на Полацкім рынку ў Віцебску адбыўся сход, у якім узялі ўдзел каля 200 ІП, а таксама мясцовыя ўлады. Прадпрымальнікі ўзьнялі пытаньне аб праблеме свабоднага продажу рэшткаў, адрозьненьнях у патрабаваньнях уладаў да беларускіх і расейскіх ІП і непрызнаньні нацыянальных сэртыфікатаў адпаведнасьці на тавары.
«Мы спакойна сядзім і чакаем гэтай паперы (дазволу на рэалізацыю рэшткаў тавараў без сэртыфікатаў). Але калі ня будзе ніякіх зьменаў, то выйсьці на працу з 1 ліпеня ў прадпрымальнікаў не будзе ніякай магчымасьці. Людзі, тым ня менш, аптымісты, яны спадзяюцца на лепшае і проста чакаюць неабходнага дакумэнта», - сказала старшыня «Разам».
«Мы не за тое, каб не працаваць, мы за тое, каб працаваць згодна з законам, не паступаючыся сваімі інтарэсамі, бо кожны з нас займаецца прадпрымальніцтвам, каб мець нейкі заробак», - падкрэсьліла Яскевіч.
Напружанасьць сярод ІП назіраецца ў розных рэгіёнах Беларусі. Так, 13 чэрвеня на каапэратыўным рынку ў Баранавічах зьявіўся плякат, у якім казалася, што многія прадпрымальнікі маюць намер 30 чэрвеня падаць «нулявыя дэклярацыі», 1 ліпеня - сустрэцца з кіраўніцтвам гарвыканкаму і заявіць пра немагчымасьць працягваць працу, 2 ліпеня - зарэгістравацца ў якасьці беспрацоўных, а 3 ліпеня - выйсьці на Кастрычніцкую плошчу Менску, каб выказаць пратэст супраць указу № 222.