Суд Полацкy адмовіў у задавальненьні патрабаваньня работніка крамы аб вяртаньні яму грошай, утрыманых за нястачу тавару. Прадстаўнік крамы заявіў, што ніякіх утрыманьняў па нястачы з работніка не рабілася. Рабочы ж сьцьвярджаў, што зь ягонай зарплаты ўтрымалі 3 мільёны рублёў, але ніякіх квітанцыяў даць ня змог.
Дырэктар вінаваціць працоўных
У сакавіку полацкая прыватная крама харчовых тавараў «Аліса», які знаходзіцца каля вакзалу, правёў рэвізію і выявіў нястачу тавараў на 57 мільёнаў. Адміністрацыя крамы абвінаваціла ў нястачы работнікаў крамы і запатрабавала ад працоўных пагасіць выяўленыя страты. Загадчыца крамы пісала ў сваёй тлумачальнай, што ахоўнікі адцягваюць касіраў ад працы, ня сочаць за пакупнікамі і займаюцца падчас працы ўласнымі справамі, таму тавары зьнікаюць. Работнікі ж лічаць прычынай нястачы дрэнную працу таваразнаўцаў, якія ня сочаць за тэрмінамі прыдатнасьці: прадукты псуюцца і іх выкідваюць, а на працоўных вешаюць нястачу.
Змагацца ў адзіночку
Работнікі, якія раней падпісалі дамову аб калектыўнай матэрыяльнай адказнасьці, пагадзіліся пагашаць нястачу утрыманьнем з зарплаты. Аднак адзін з працаўнікоў, Дзьмітры, які працаваў ахоўнікам, адмовіўся ад пагашэньня нястачы і напісаў заяву аб звальненьні. Дзьмітрый – адзіны рабочы, які не падпісваў дамову аб калектыўнай матэрыяльнай адказнасьці. Тым ня менш падчас разьліку пры звальненьні зь яго ўтрымалі тры мільёны рублёў.
Надзея на суд не апраўдалася
Дзьмітры падаў у суд аб незаконнасьці ўтрыманьня грошай. Але ў судзе працаўнік ня змог даказаць факту ўтрыманьня з заробку. Як сказаў Дзьмітры, пры разьліку яму далі падпісаць ведамасьць пра атрыманьне поўнай зарплаты, а на рукі выдалі толькі паўмільёна.
Адміністрацыя выдае на рукі работнікам разьліковыя ў выглядзе кавалачка паперы, на якім кампутарным спосабам надрукаваныя лічбы разьліку па зарплаце, безь пячатак і подпісаў. Як сказала судзьдзя, «я такіх аркушаў магу надрукаваць колькі заўгодна». А прадстаўнікі крамы заявілі, што ніякіх грошай у работніка яны не ўтрымлівалі. Варта сказаць, што крама не змагла адразу прадставіць фінансавых дакумэнтаў, і суд даў ёй два дні на прывядзеньне дакумэнтаў у парадак.
Перасьледы пасьля суду
Рабочыя крамы, якія выступалі ў якасьці сьведак, давалі супярэчлівыя паказаньні. Частка работнікаў далі паказаньні на карысьць адміністрацыі, частка - супраць. Працаўнікам, якія выступілі супраць адміністрацыі, пасьля суду сталі прад'яўляцца розныя прэтэнзіі. Так, адну з касірак абвінавацілі ў крадзяжы грошай з касы, але даказаць гэтага не змаглі. Цяпер начальнікі патрабуюць, каб яна звольнілася сама.
Частковая перамога
Ёсьць і станоўчы момант ад суду. Адміністрацыя крамы перастала прымушаць работнікаў перапрацоўваць працоўны час. Раней работнікі працавалі па 14 гадзін, а ім запісвалі 12 рабочых гадзін. Цяпер адміністрацыя дазволіла рабочым на дзьве гадзіны ў зьмену пакідаць працоўнае месца для прыёму ежы.
Аляксандар Марозаў, dyjalog.info