Віцебшчыну наведала амбасадар добрай волі дабрачыннай арганізацыі «Вугорская міжцаркоўная дапамога», жонка прэм'ер-міністра Вугоршчыны Аніко Леваі. Візыт спадарыні Аніко Леваі доўжыўся два дні. У дэлегацыю таксама ўваходзілі прэзыдэнт-дырэктар «Вугорскай міжцаркоўнай дапамогі» Ласло Лехель, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Вугоршчыны ў Беларусі Вілмаш Сіклавары, іншыя прадстаўнікі дыпмісіі і дабрачыннай арганізацыі.
- У нашай арганізацыі ёсьць вялікі досьвед у гэтым кірунку, і мы хацелі б ім падзяліцца зь беларусамі, - сказаў спадар Ласло Лехель.
У прыватнасьці, гаворка ідзе пра стварэньне ў вёсцы Сяло Гарадоцкага раёну на базе манастырскага падворку рэабілітацыйнага цэнтру для былых зьняволеных. Аналягічныя праекты рэалізуюцца таксама ў Гародні і Гомелі. «Вугорская міжцаркоўная дапамога» мяркуе накіраваць на гэтыя мэты каля 250 тыс. эўра.
Як растлумачыў Мікалай Матрунчык, дырэктар міжканфэсійнай місіі «Хрысьціянскае сацыяльнае служэньне», якая прадстаўляе ў міжнародным праекце беларускі бок, у цэнтры будуць займацца жывёлагадоўляй і зборам лекавых траў. Найбліжэйшым часам тут усталююць адпаведнае абсталяваньне і запросяць спэцыялістаў. Гэта першы сумесны праект у галіне рэабілітацыі людзей, якія апынуліся ў складаным сацыяльным становішчы.
vitvesti.by