Органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праведзеныя праверкі прадпрыемстваў спажыўкаапэрацыі ў 17-ці раёнах. Выяўленыя шматлікія парушэньні патрабаваньняў дырэктываў прэзыдэнта №1 "Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны", №3 "Эканомія і ашчаднасьць — галоўныя чыньнікі эканамічнай бясьпекі дзяржавы", заканадаўства аб захаванасьці ўласнасьці, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, працоўнага і антыкарупцыйнага заканадаўства.
Як паведамляе Генпракуратура, асобнымі кіраўнікамі прадпрыемстваў спажыўкааперацыі ігнаруюцца патрабаваньні заканадаўства і лякальных актаў, рашэньняў каардынацыйных нарад па згаданых вышэй пытаньнях. Так, плянавыя паказчыкі па аснашчэньні аб'ектаў гандлю сродкамі сыгналізацыі ня выканалі Гарадоцкае, Шумілінскае і Бешанковіцкае райспажыўтаварыствы.
Пры гэтым у 2013 годзе зарэгістравана 38 крадзяжоў з гандлёвых аб'ектаў спажыўкаапэрацыі. Гэта стала магчымым з-за неналежнай арганізацыі працы суб'ектаў гаспадараньня па забесьпячэньні захаванасьці ўласнасьці, адсутнасьці ахоўнай сыгналізацыі або вартавой аховы, парушэньні парадку выкарыстаньня ахоўнай сыгналізацыі.
З-за адсутнасьці крыніц рэзэрвовага электрасілкаваньня на аб'ектах, аснашчаных сродкамі ахоўнай сыгналізацыі, учынена 11 крадзяжоў (Дубровенскі, Браслаўскі, Сеньненскі, Верхнядзьвінскі, Полацкі, Пастаўскі, Талачынскі раёны).
Выяўленыя факты безгаспадарлівага выкарыстаньня маёмасьці спажыўкаапэрацыі, адцягненьне грашовых сродкаў на неэфэктыўныя праекты і іншыя парушэньні.
Маюць месца факты прычыненьня шкоды прадпрыемствам спажыўкаапэрацыі ў выніку пажараў, аднак рэальныя меры па прадухіленьні нэгатыўных наступстваў кіраўнікамі арганізацыяў не прымаюцца. Сыстэматычна дапускаюцца парушэньні правіл пажарнай бясьпекі (Расонскае, Шаркоўшчынскае, Лёзьненскае райспажыўтаварыствы).
Паўсюдна на гандлёвых аб'ектах спажыўкаапэрацыі не выконваюцца санітарныя нормы і правілы, а таксама правілы гандлю.
Толькі ў 2013 годзе спэцыялістамі тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялёгіі правераныя 2 423 аб'екты спажыўкаапэрацыі, зь іх на 1 755 аб'ектах (72,4%) выяўленыя парушэньні санітарна-эпідэміялягічнага заканадаўства (рэалізацыя пратэрмінаванай прадукцыі, невыкананьне тэмпературнага рэжыму і ўмоў захоўваньня прадуктаў і іншыя).
Згаданыя парушэньні, як адзначаюць у Генпракуратуры, носяць сыстэматычны характар, што пацьвярджаецца праведзенымі ў студзені—сакавіку 2014 году рэйдамі па гандлёвых аб'ектах і аб'ектах грамадзкага харчаваньня Шумілінскага, Докшыцкага, Дубровенскага, Расонскага, Лепельскага, Лёзьненскага райспажыўтаварыстваў і іншых прадпрыемстваў спажыўкаапэрацыі вобласьці.
Па выніках праверкі гар- і райпракурорамі ўнесена 15 пастаноў, вынесеныя тры прадпісаньні, абвешчаныя чатыры афіцыйныя папярэджаньні, прынесена сем пратэстаў, 11 асоб прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасьці.
Пракуратурай Віцебскай вобласьці старшыню кіраўніцтва Віцебскага абласнога саюзу спажывецкіх таварыстваў вынесеная пастанова аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства, прычын і ўмоў, якія ім спрыяюць.
БелаПАН