Віцебскі лекар-«праўдаруб» Ігар Пастноў, які адчуў на сабе ўсе вабноты беларускай карнай псыхіятрыі, правёўшы 3 тыдні ў вар'ятні, куды быў адпраўлены судом пасьля яго публічных крытычных выступаў супраць уладаў, цяпер змагаецца за правы іншых людзей. І яму ўжо ўдалося дамагчыся пэўных посьпехаў на гэтай ніве. У сваім чарговым відэазвароце доктар Пастноў распавёў пра сваё змаганьне за правы Алесі Садоўскай, зьбітай міліцыянтамі і пасьля прызнанай псыхіятрамі бесьсьвядомай.
Як распавёў Ігар Пастноў, два гады таму Алеся Садоўская была зьбітая ў аддзяленьні міліцыі Маладэчанскага РАУС, пасьля таго як зьвярнулася да міліцыянтаў наконт скрадзенага тэлефону. Паводле слоў доктара Пастнова, міліцыянты катавалі дзяўчыну, а калі тая паспрабавала дамагчыся пакараньня катаў у пагонах, яе саму абвінавацілі ў нападзе на супрацоўнікаў міліцыі.
Праз суд Алеся Садоўская была прызнаная бесьсьвядомай. Было зробленае адпаведнае заключэньне псыхіятраў, нібыта яна не адказвае за свае дзеяньні. Доктар Пастноў лічыць, што ўсё рабілася дзеля таго, каб закрыць справу наконт зьбіцьця яе міліцыянтамі.
Аднак цяпер удалося ажыцьцявіць прарыў у гэтай справе. Заключэньне псыхіятрычнай экспэртызы, якое, як сьцьвярджае Ігар Пастноў, было «шытае белымі ніткамі», якім кіраваўся суд, прымаючы рашэньне ў дачыненьні да Садоўскай, было апратэставанае. І – дзіва! – чарговы суд пагадзіўся з довадамі заяўнікаў і прызначыў паўторную псыхіятрычную экспэртызу.
Доктар Пастноў сказаў, што яму ў яго праваабарончай дзейнасьці ў гэтай справе дапамагалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна».