44-гадовая жанчына асуджаная на 4,5 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай у "незаконных дзеяньнях у адносінах выбуховых рэчываў" і "асабліва злосным хуліганстве". Не ўдакладняецца, чаму свой хуліганскі ўчынак жанчына зьдзейсьніла каля будынку КДБ.
Выбух каля будынку УКДБ па Віцебскай вобласьці адбыўся 11 лістапада 2012 году. Абвінавачаньне ў арганізацыі выбуху выставілі раней судзімай віцяблянцы. Яе абвінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве. У дзеяньнях абвінавачанай сьледчыя ўгледзелі "выключна хуліганскі матыў".
Падчас папярэдняга сьледзтва жанчына цалкам прызнала віну, узяла ўдзел у сьледчым экспэрымэнце. Як інфармуюць сьледчыя, яна падрабязна апісала мэханізм вырабу выбуховага прыстасаваньня, а таксама пры ўдзеле панятых і на відэазапіс паэтапна апісала парадак дзеяньняў на месцы злачынства. У рамках расьсьледаваньня праведзена больш за 700 допытаў, каля 270 судовых экспэртыз, у тым ліку з дапамогай экспэртнай службы Сьледчага камітэту Расеі.
Эўрарадыё