Органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праведзеная праверка выкананьня патрабаваньняў заканадаўства аб прафіляктыцы безнагляднасьці і правапарушэньняў сярод непаўналетніх ва ўстановах прафэсійна-тэхнічнай адукацыі. Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры, з 19 правераных устаноў (усяго ў вобласьці 27 устаноў, у якіх вучацца 9 493 навучэнцы) у 10 каледжах і ліцэях выяўленыя значныя недахопы пры арганізацыі прафіляктычнай працы, адукацыйнага працэсу, занятасьці навучэнцаў у вольны час, а таксама фармалізм у працы па выяўленьні непаўнагадовых, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.
Не адзінкавыя факты неналежнага вывучэньня спэцыялістамі ўстаноў адукацыі прычын учыненьня правапарушэньняў навучэнцамі, не пастаноўкі іх на адпаведны ўлік пры наяўнасьці падстаў. Былі выпадкі ўтойваньня навучальнымі ўстановамі зьвестак пра ўчыненьне непаўнагадовымі правапарушэньняў.
У пракуратуры канстатуюць, што ўчыненьню правапарушэньняў спрыяла неэфэктыўная праца ўстаноў адукацыі па арганізацыі вольнага часу навучэнцаў. Пры правядзеньні рэйдавых мерапрыемстваў пракуратурай Віцебскай вобласьці і УУС Віцебскага аблвыканкама выяўлена, што ў шэрагу ўстаноў адукацыі і інтэрнатах Віцебску створаныя гурткі і сэкцыі рэальна не працуюць.
Адной з прычын супрацьпраўных паводзін падлеткаў зьяўлялася ўжываньне імі сьпіртных напояў. Тым ня менш большасьць устаноў адукацыі не выкарыстоўвалі прадугледжанае законам права звароту ў суд з заявай аб абмежаваньні ці пазбаўленьні непаўнагадовага права самастойна распараджацца сваімі даходамі.
Сацыяльна-пэдагагічныя і псыхалягічныя службы ўстаноў адукацыі пры наяўнасьці законных падстаў для прызнаньня таго, што непаўнагадовыя знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, не прымалі мераў да прызнаньня непаўналетніх такімі, сацыяльна-псыхалягічная дапамога падлеткам не аказвалася.
Не заўсёды ва ўстановах ажыцьцяўлялася мэтанакіраваная праца па абароне правоў дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, у прыватнасьці не праводзілася праверка захаваньня замацаванага за імі жытла.
На неналежным узроўні забясьпечваліся бясьпечныя ўмовы адукацыйнага працэсу. У шэрагу ўстаноў адукацыі станкі і абсталяваньне дапускаліся да эксплёатацыі ў тэхнічна няспраўным стане, не ажыцьцяўляўся пэрыядычны кантроль за выкананьнем заканадаўства аб ахове працы.
Па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду 44 службовыя асобы ўстаноў адукацыі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці.
БелаПАН