Рэдактар сайту «Народныя навіны Віцебска» Сяржук Серабро распавёў, што пасьля зьяўленьня на сайце тэксту "Bluefilters: альхімія продажаў фільтраў для вады ўтрыдорага» на яго пачаўся ціск. Артыкул выйшаў 13 сьнежня мінулага году. У тэксьце падрабязна апісана, як карэспандэнт запрасіў рэалізатараў фільтраў да сябе дахаты, а потым распавёў пра гэты візыт і пра іх мэтады пераконваць пакупнікоў у высокай якасьці тавару.
У артыкуле, разьмешчаным на сайце, таксама параўноўваюцца кошты: у рэалізатараў фільтар каштуе 7 750 000 рублёў, або каля 830 даляраў, а ў Польшчы, дзе фільтры фірмы «Bluefilters» вырабляюцца, іх кошт складае ўсяго 1299 злотых (каля 430 далараў).
Ніводнага слова пра якасьць прыбораў або пра фірму-вытворцу ў артыкуле не было. Публікацыя тычылася толькі працы рэалізатараў, прычым аўтар сьвядома пазьбягаў любых ацэначных водгукаў, гаворыць Сяргей Серабро:
«Тым ня менш камусьці гэты тэкст дужа не спадабаўся. Але каму – мне не вядома, бо я пачаў атрымліваць лісты па электроннай пошце з патрабаваньнем выдаліць тэкст. Аўтар мне не прадстаўляўся. 29 студзеня я атрымаў аналягічнае патрабаваньне ўжо ад кампаніі-хостэра. Ліст быў падпісаны Станіславам Ліўшам са службы падтрымкі кліентаў Dreamsee.biz. Відавочна, туды зьвярнуліся тыя ж асобы, што раней патрабавалі ад мяне выдаленьня крытычнага тэксту. Бо я пазнаў ранейшыя аргумэнты: сайт вінавацілі ў тым, што ён псуе рэпутацыю фірмы-вытворцы, і чамусьці спасылаліся на закон Расейскай Федэрацыі "Аб сродках масавай інфармацыі" ад 27 сьнежня 1991году».
Сяржук Серабро кажа, што гатовы ў судзе выслухаць прэтэнзіі тых, каму не падабаецца крытычны артыкул. Але – паводле беларускага заканадаўства, бо фірма – распаўсюднік польскіх фільтраў месьціцца і зарэгістраваная ў Беларусі.
«Я напісаў хостэру, што рэпутацыя фірмы "Bluefilters" не закранутая, і што мне не вядомая асоба, якая выступае з прэтэнзіямі ад імя гэтай фірмы. Нельга выключаць, што гэта не афіцыйны прадстаўнік "Bluefilters", які назваў бы сваё імя і пасаду, а мясцовыя рэалізатары. Менавіта на іх адрас было шмат нэгатыўных камэнтароў пасьля выхаду артыкулу. Я гатовы гарантаваць, што ўся інфармацыя, якая ёсьць у тэксьце, правераная і дакладная. А таму здымаць артыкул з сайту адмаўляюся катэгарычна. Зрабіць гэта мяне можа прымусіць толькі адпаведнае рашэньне суду, калі будуць даказаныя факты зьнявагі гонару і годнасьці», – сказаў рэдактар «Народных навін Віцебска".
Сяржук Серабро зьвяртае ўвагу яшчэ на адзін цікавы факт: 21 лістапада 2013 году ў дзяржаўнай гарадзкой газэце «Віцьбічы» быў надрукаваны рэклямны артыкул «З чыстай вадой і чыстымі думкамі». Там дзейнасьць фірмы ТАА «ЛД-Юніён» – рэалізатара польскіх фільтраў для ачысткі вады – ацэньвалася вельмі станоўча.
Беларуская асацыяцыя журналістаў