Пад пагрозай закрыцьця апынулася школа ў вёсцы Верхняе, якая сёлета адзначыла 50-гадовы юбілей. У школе засталося 30 вучняў. Але моладзі ня будзе зусім, калі школу закрыюць, лічаць вяскоўцы.
«У 1963 годзе мясцовы калгас быў такі заможны, што збудаваў школу за ўласныя грошы. А цяпер раённыя ўлады вырашылі яе зачыніць, бо ўтрымліваць двухпавярховы будынак стала задорага. Атрымліваецца, што 50 год таму жыццё было куды лепшае, як у цяперашняй “квітнеючай Беларусі”? Вяскоўцаў не падманеш: яны выдатна разумеюць, што з закрыцьцём школы вёска адразу згібее, ператворыцца ў такую ж, як многія суседнія — дзе жывуць 5 старых на 10 двароў. Моладзі ня будзе ўвогуле, бо замест каб стварыць годныя ўмовы для жыцьця, нават тое, што ёсьць, гатовыя адабраць. Пра “выгоды і даброты” гавораць толькі па тэлебачаньні і па радыё. Хаця — не, па радыё ўжо не гавораць: у нашым Верхнім няма праваднога радыё, і гэта абрэзалі»,— апавядае Яраслаў Берніковіч, мясцовы жыхар і актывіст кампаніі «Гавары праўду».
Ён абвясьціў суседзям, што распачынае кампанію «Выратуем вёску», і землякі яго падтрымалі. Пад лістом, які аднесьлі ў Глыбоцкі райвыканкам, падпісалася адразу паўсотні чалавек — гэта больш за 10% ад усёй колькасьці насельнікаў. Яраслаў Берніковіч гаворыць, што падпісалася б і больш людзей, каб паставіць мэту сабраць дзьве ці тры сотні подпісаў:
«Падпісаліся б! Бо школы — шкада. І людзей шкада. Што вырашылі зачыніць школу, ужо вядома. А вось куды пойдуць вучыцца дзеці — так застаецца пад пытаньнем. Ці ім давядзецца езьдзіць у Глыбокае, за 12 кілямэтраў? Ці іх «перададуць» у нейкую іншую вясковую школу, хаця бліжэйшай ад нас, здаецца, і няма. І ніхто ў райвыканкаме не пытаецца, ці хочуць самі вяскоўцы такіх «пераўтварэньняў».
«Пераўтварэньнямі» раённыя ўлады кіравалі, калі ў Верхнім вырашылі стварыць аграгарадок. Стваралі яго мэтадам «народнай будоўлі», бо ў афіцыйных дзяржаўных плянах па стварэньні аграгарадкоў гэтая вёска ня значылася. З гэтага пару гадоў таму зрабілі сэнсацыю: маўляў, жыхары і кіраўніцтва раёну ўласнымі рукамі рамантуюць Дом культуры, дзіцячы садок і пошту, бо хочуць жыць «як у аграгарадку»… Калі ж мода на аграгарадкі трохі сышла, паштовае аддзяленьне вырашылі зачыніць. З гэтай нагоды вяскоўцы месяц таму таксама зьвярталіся да раённых уладаў. Але адказу дагэтуль так і не атрымалі…
Між тым, Верхняе — вёска старажытная, у наступным годзе мае адзначыць 600-гадовы юбілей.
Радыё Свабода