Полацкі райвыканкам 29 кастрычніка правёў грамадзкія слуханьні па пытаньні зьнішчэньня дрэваў для будаўніцтва храма. Царква РПЦ будзе пабудаваная на тэрыторыі чыгуначнага шпіталя на ўскраіне Полацку. Для гэтага будзе сьпілавана 17 бяроз і прыгожая лістоўніца. Голас грамадзян, якія прапаноўвалі захаваць дрэвы, застаўся не пачуты.
Чарговыя грамадзкія слуханьня жыхароў Полацку, як заўсёды, праходзілі ў вялікай залі Полацкага райвыканкаму. Сход было прызначана на 17 гадзін 30 хвілін. Акрамя чальцоў камісіі ў залі было зарэгістравана 47 жыхароў Полацкага раёну. Большасьць людзей, якія прыйшлі на грамадзкія слуханьня, пры рэгістрацыі адразу галасавалі «За», нават не паслухаўшы абмеркаваньня праблемы. У выніку галасаваньня - 43 галасы аддадзеныя за выдаленьне расьлінных аб'ектаў, чацьвёра ўдзельнікаў адмовіліся ад галасаваньня. Большасьць тых, хто прыйшоў на сход, былі работнікамі чыгуначнага шпіталя, якіх арганізавана прывезьлі ў райвыканкам.
Падчас абмеркаваньня неабходнасьці сьпілоўкі дрэў высьветлілася, што многія з прысутных не разумелі, за што яны галасуюць. Шмат каму ўяўлялася, што ідзе абмеркаваньне пытаньня «Будаваць ці не царкву?».
Як сказала загадчыца шпіталя, пытаньне пра будаўніцтва было вырашанае яшчэ восем гадоў таму і ўладыка Феадосій блаславіў будаўніцтва. Але ўвесь гэты час не маглі знайсьці грошай на будоўлю. І вось цяпер знайшлі фундатара, расейскі Газпром пагадзіўся прафінансаваць будаўніцтва праваслаўнай царквы.
Некалькі грамадзянаў спрабавалі прапанаваць разгледзець магчымасьць будаўніцтва царквы безь сьпілоўкі дрэў, але да іх заклікаў не прыслухаліся. Тым больш, што ўжо да сходу большасьць прагаласавала «За зьнішчэньне аб'ектаў зялёнага сьвету». Пратакол сходу жыхароў ня вёўся. Як атрымаць копію пратаколу сходу, удзельнікам не сказалі. Намесьнік старшыні райвыканкаму абышоўся агульнай фразай, - «Пратакол сходу выдаецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам».
Царкву мяркуецца пабудаваць на тэрыторыі шпітальнага комплексу, атачонай па пэрымэтры сеткаватым плотам. Большую частку гэтай тэрыторыі займае прыгожы парк з мноствам вялікіх дрэў і алеямі, дзіцячай пляцоўкай і лаўкамі. А на месцы будучага будаўніцтва цяпер стаіць праваслаўны зялезны крыж. Пабудаваць царкву можна было б і за тэрыторыяй шпіталя. Літаральна за сто мэтраў за плотам знаходзіцца пустка, зарослая кустоўем і бяз дрэў каштоўных парод. Там ужо ідзе адсыпка пад'язной дарогі для будоўлі.
Аляксандар Марозаў, dyjalog.info
алея парку
|
дрэвы на знос
|
будаўніцтва пад'язной дарогі
|
гэта будзе зьнішчана
|