Увечары 1 лістапада машына Пятра Іванова была спыненая супрацоўнікамі ДАІ. Спачатку яму заявілі, што ён парушыў правілы дарожнага руху, праехаўшы на чырвонае сьвятло, і мусіць заплаціць штраф у памеры 1 базавай велічыні («Або можам праехаць у абласное ДАІ, але тады штраф будзе 5 базавых», – паведамілі затрыманаму). Пасьля «прабіцьця па базе» тлумачэньне прычыны затрыманьня з боку даішнікаў зьмянілася: Пятру Іванову сказалі, што ён нібыта знаходзіцца ў вышуку і таму мусіць праехаць у міліцэйскі пастарунак.
У пастарунку ж высьветлілася, што ні ў якім вышуку Пётар Іваноў ня значыцца, але правы кіроўцы ў яго ўсё ж забралі…
Даішнікі, якія спынілі Іванова, паставіліся да яго «гуманна»: яму дазволілі праехаць у РАУС Кастрычніцкага раёну Віцебску на ўласнай машыне (у іх суправаджэньні) – больш таго, дазволілі па дарозе заехаць дадому, каб «высадзіць жонку і ката», што знаходзіліся ў салёне машыны, ды ўзяць з сабой з дому дакумэнты. Супрацоўнік у чыне капітана нават паспачуваў затрыманаму: «Мы людзі маленькія, – сказаў ён, – але ёсьць указаньні, трэба іх выконваць».
Міліцыянты ў Кастрычніцкім РАУС, дзе ў выніку апынуўся Іваноў, не разумелі, навошта яго прывезьлі туды. Але ў рэшце рэшт вынайшлі, за што на яго скласьці пратакол. Пётар Іваноў – грамадзянін Расеі, які мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі. Дык яму заявілі, што калі так – ён ня мае права выкарыстоўваць пасьведчаньне кіроўцы, выдадзенае ў Расеі, а павінен мець беларускія правы.
Згодна са складзеным пратаколам, Іваноў кіраваў транспартным сродкам без сапраўдных правоў. Расейскія правы ў яго канфіскавалі, і цяпер ён мусіць прыйсьці ў абласное ДАІ ў панядзелак на адміністрацыйную камісію.
Пётар Іваноў, які шмат гадоў кіраваў машынай з расейскімі правамі і ніколі ня меў з-за гэтага праблем, лічыць: тое, што адбылося, – гэта вынік помсты з боку высокага начальства абласнога ДАІ – ужо цягам некалькіх месяцаў Пётар Іваноў дамагаецца прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці супрацоўнікаў гэтай структуры падпалкоўніка Аляксандра Сьцяпанава і маёра Багатырова, якія, на яго думку, парушылі закон.