Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіўся ўнесьці ў асобныя сьпісы на атрыманьне жылога памяшканьня сацыяльнага карыстаньня інваліда другой групы праваабаронцу Валера Місьнікава. Фармальнай прычынай таму стала даведка пра месца жыхарства і склад сям’і, выдадзеная Місьнікаву разьліковым цэнтрам № 4 дзяржаўнага прадпрыемства «ЖРЭТ Першамайскага раёну».
Згодна зь дзейным заканадаўствам, непрацуючыя самотныя інваліды першай і другой груп, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў, маюць права на атрыманьне жылога памяшканьня сацыяльнага карыстаньня дзяржаўнага жыльлёвага фонду.
Валер Місьнікаў, без усялякіх сумневаў, належыць да гэтай вызначанай заканадаўствам катэгорыі грамадзян: у цяперашні час ён самотна пражывае ў здымным пакоі, нідзе не працуе і мае толькі адну крыніцу даходу – пэнсію, прызначаную яму па дасягненьні пэнсійнага веку.
Значную частку пэнсіі складаюць камунальныя плацяжы. Бо Валер аплачвае поўны кошт камунальных паслуг, бо льготы, якія быццам бы належаць яму паводле закону, не распаўсюджваюцца на інвалідаў, што арандуюць жытло.
Былая жонка і двое яго паўнагадовых дзяцей пражываюць асобна. Яны доўгія гады жывуць асобна, не вядуць з Валерам сумеснай гаспадаркі, не падтрымліваюць яго ані маральна, ані матэрыяльна. Фактычна, гэта чужыя людзі. Таму Місьнікаў лічыць сябе грамадзянінам, якія пражывае самотна, і былым членам сям’і, што, здавалася б, мусіць дазволіць яму атрымаць сацыяльнае жытло.
Аднак даведка пра месца жыхарства і склад сям’і , выдадзеная разьліковым цэнтрам № 4 ЖРЭТу цалкам перакрэсьліла ўсе надзеі Валерыя. Бо ў даведцы пазначана, што В. Місьнікаў зарэгістраваны і пражывае ў кватэры сумесна з былой жонкай і мае сям’ю ў складзе чатырох чалавек. Гэта значыць, згодна з даведкай, Місьнікаў зусім не самотны грамадзянін, а муж і бацька, якім апякуюцца жонка і дзеці. На падставе выдадзенага ЖРЭТам дакумэнту, Віцебскі гарвыканкам адмовіў Місьнікаву ў залічэньні яго ў сьпісы на атрыманьне сацыяльнага жытла.
Па абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў Валер Місьнікаў зьвярнуўся ў суд Першамайскага раёну Віцебску з пазовам аб прызнаньні несапраўднай даведкі ЖРЭТу і надзяленьнем яго статусам самотнага грамадзяніна і статусам былога члена сям’і. Аднак судзьдзя Натальля Броўка адмовіла Місьнікаву ў задавальненьні яго патрабаваньняў. Яна палічыла, што аргумэнты праваабаронцы непераканаўчыя, а паказаньні сьведак пра яго фактычнае самотнае пражываньне не заснаваныя на нормах заканадаўства.
Зварот да памочніка прэзыдэнта краіны, галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці Дамашкевіча ня даў плёну. На асабістым прыёме Валер Місьнікаў падрабязна распавёў памочніку кіраўніка дзяржавы пра сутнасьць сваёй справы, і той паабяцаў разабрацца.
Па даручэньні Дамашкевіча ў справе разьбіраўся кіраўнік спраў Віцебскага аблвыканкаму Аляксей Мацюшка. Апошні паведаміў: «Факт пражываньня ў адным з Вамі населеным пункце (г. Віцебску) Вашых працаздольных дзяцей, які паўплываў на прыняцьце Віцебскім гарвыканкамам рашэньня аб адмове ва ўключэньні Вас у асобныя сьпісы на атрыманьне жылога памяшканьня сацыяльнага карыстаньня, пацьвярджаецца даведкай ад 23 сакавіка 2012 г. № 791 аб месцы жыхарства і аб складзе сям’і , выдадзенай разьліковым цэнтрам № 4 дзяржаўнага прадпрыемства “ЖРЭТ Першамайскага раёна”. Дакумэнтальнае пацьверджаньне гэтага факту і прынятае на яго падставе адміністрацыйнае рашэньне ня цягне прысваеньня Вам якога-небудзь прававога статусу неўпаўнаважанай на гэта службовай асобай. Такім чынам, дэкляраваныя Вамі ”парушэньні нарматыўных актаў”, якія прывялі да ўшчамленьня Вашых правоў і законных інтарэсаў, не знайшлі пацьверджаньня, падставы для прыняцьця мер рэагаваньня адсутнічаюць».
Спробы інваліда адстаяць свае правы і дамагчыся справядлівасьці скончыліся няўдачай. І сапраўдная прычына гэтай няўдачы – зусім не даведка, выдадзеная ЖРЭТам, а бяздушная дзяржаўная бюракратычная машына, якая фармальную паперку ставіць вышэй за жыльлёвыя праблемы інваліда.