Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці, атрымаў адказ на калектыўны ліст ад намесьніка старшыні аблвыканкаму А. Дзівуліна. Больш як 40 мясцовых жыхароў прасілі адмяніць рашэньне гарвыканкаму наконт парадку правядзеньня масавых акцыяў. Адказ чыноўнікаў аблвыканкаму – адмоўны.
Віцебскія актывісты на працягу ўжо больш як трох гадоў спрабуюць атрымаць дазволы на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, але раённыя адміністрацыі такіх дазволаў не даюць. Яны спасылаюцца на рашэньне віцебскага аблвыканкаму, якога заяўнікі акцыяў выканаць папросту ня могуць.
На думку віцебскіх актывістаў, рашэньне Віцебскага гарвыканкаму ад 10.07.2009 году № 881 супярэчыць беларускаму заканадаўству і не дазваляе грамадзянам рэалізаваць сваё права на публічнае выказваньне думак. Так, паводле рашэньня гарадзкіх уладаў, арганізатары мусяць разам з заяўкай падаваць у раённыя адміністрацыі і копіі дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемстваў. Але адказныя структуры адмаўляюцца ад заключэньня дамоваў з актывістамі з розных прычын. А некалькі разоў заяўнікам наўпрост казалі, што заключаць дамоваў ня будуць, пакуль няма станоўчага рашэньня раённых адміністрацыяў. Таму актывісты сабралі подпісы пад калектыўным лістом у аблвыканкам, каб гэты орган улады пасадзейнічаў зьменам.
Апрача гэтага, 24 ліпеня прадстаўнікі некалькіх грамадзкіх структур хадзілі на прыём да намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзіміра Цярэнцьева. Спадар Цярэнцьеў не адразу, але выслухаў актывістаў, якія спрабавалі пераканаць чыноўніка ў неабходнасьці перагледзець рашэньне гарвыканкаму.
На прыём на чыноўніка, які займаецца пытаньнямі ідэалёгіі, папярэдне запісаўся Хрыстафор Жаляпаў. Пасьля сустрэчы ён меў аптымістычныя настрой: “Спадар Цярэнцьеў да размовы быў падрыхтаваны: у ягоным габінэце былі ўсе трое раённых “ідэолягаў” - з тых раённых адміністрацыяў, ад якіх мы ўжо цягам трох гадоў ня маем ніводнага дазволу на прапанаваныя намі акцыі. Намесьнік старшыні аблвыканкаму нас выслухаў і паабяцаў вывучыць праблему больш грунтоўна. Хаця ён, безумоўна, у курсе гэтай праблемы: нават казаў нам, што пэрыядычна чытае ў інтэрнэце пра адмовы на акцыі, і загадзя ўжо ведаў пра тое, што мы зьбіраемся да яго на прыём. Спадар Цярэнцьеў паабяцаў даць нам пісьмовы адказ”.
Але адказ прыйшоў за подпісам іншага намесьніка старшыні аблвыканкаму - А. Дзівуліна. У ім напісана, што ўсе ранейшыя адмовы актывісты атрымлівалі на законных падставах, і што рашэньне гарвыканкаму таксама цалкам законнае. Гэткая фармулёўка ўжо вядомая актывістам. І раней чыноўнікі казалі ім пра немагчымасьць зьменаў у рашэньне гарвыканкаму - маўляў, яно прайшло юрыдычную экспэртызу, значыцца, яно дасканалае, і аніякіх зьменаў не патрабуецца.
Віцебскія актывісты спрабавалі адстойваць свае правы нават праз суд, патрабуючы змусьць да заключэньня дамоваў тых, хто адмаўляўся гэта рабіць. Але і гэта не дапамагло. Судзьдзі таксама апэлявалі да рашэньня віцебскага гарвыканкаму, накіроўваючы заяўнікаў па замкнёным коле.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”