Па сканчэньні чатырох месяцаў з моманту ўзбуджэньня крымінальнай справы па факце зьбіцьця сябра партыі БНФ Аляксея Гудзіліна ён зьвярнуўся ў сьледчы камітэт, каб даведацца, як ідзе расьсьледаваньне справы. Высьветлілася: справу пасьпелі прыпыніць, прычым афіцыйна праінфармаваць пра гэта пацярпелага чамусьці не палічылі патрэбным. Затое літаральна на наступны дзень пасьля накіраваньня звароту ў СК была прынятая пастанова аб аднаўленьні справы, надоечы актывіст атрымаў адпаведнае паведамленьне.
Нагадаем, Аляксей Гудзілін быў зьбіты 14 сьнежня 2012 году. На актывіста напалі двое. Вонкава яны былі падобныя да супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Адзін з нападнікаў паказаў нейкае пасьведчаньне, але разабрацца, што гэта было за пасьведчаньне, Аляксей Гудзілін не пасьпеў. Яго сілай узялі пад рукі і запхнулі ў машыну, што стаяла побач. Там з хлопцам распачалася «прафіляктычная гутарка». Маладому чалавеку сказалі, каб ён больш не «піярыў» партыю БНФ. А каб сказанае было лепш засвоенае, адзін з нападнікаў нанёс яму два ўдары ў твар. Пасьля гэтага актывіста выкінулі з машыны і зьніклі. Лекары, да якіх зьвярнуўся Аляксей Гудзілін, паставілі дыягназ «Закрыты пералом костак носу».