Дванаццаць разоў АБЭЗ адмаўляў прафсаюзу РЭП ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў сувязі са шматмільённай нястачай, выяўленай на ААТ «Віцебскмясамалпрам», якую кіраўніцтва «павесіла» на работніц складу. На думку юрыста прафсаюзу РЭП Валера Місьнікава, улады заплюшчваюць вочы на відавочныя факты злачыннай дзейнасьці на прадпрыемстве.
«Сьляды злачыннай дзейнасьці відавочныя, але ўлады заплюшчваюць на гэта вочы, - абураецца прававы інспэктар прафсаюзу РЭП па Віцебскай вобласьці Валер Місьнікаў. - Суд ня выявіў, калі, кім і якім чынам былі створаныя нястачы на сотні мільёнаў рублёў, гэта значыць у асабліва буйным памеры, і хто вінаваты ў гэтым. Грошы спаганяюць з работніц».
Паводле дадзеных намесьніка старшыні камітэту па харчаваньні і сельскай гаспадарцы Віцебскага аблвыканкаму, на ААТ «Віцебскмясамалпрам» выяўленая нястача на суму 89890540 рублёў і няякасны тавар на суму 89414640 рублёў. Кіраўніцтва пераклала ўвесь цяжар адказнасьці на плечы работніц складу. Пры гэтым, азнаёміўшыся са сьпісам зьніклага за паўтара месяца тавару, становіцца зразумела, што гэтай справай павінна займацца міліцыя. Паводле дакумэнтаў, толькі па дзьвюх асноўных пазыцыях на заводзе недалічыліся 7459 пачкаў масла вагой 1492 кіляграмы і 8013 бляшанак згушчанага малака вагой 2564 кілаграмы, што ў суме складае 4056 тоны.
«Дзяржаўныя ворганы ня хочуць, а гэта значыць, атрымліваецца, што папросту “страхуюць” злачынную дзейнасьць службовых асоб горадаўтваральных прадпрыемстваў, - кажа Валер Місьнікаў. - Немагчыма выказаць здагадку, што такая колькасьць тавару сапсавалася. Атрымліваецца, што за 45 сутак працы ўсё гэта змаглі вынесьці 13 чалавек. У зьмену працавалі 4 чалавекі, і працавалі дзень праз два, гэта значыць у месяц - 15 дзён. Ці маглі яны гэта незаўважна вывезьці за межы заводу, які ахоўваецца?»
Прафсаюз накіраваў заявы на імя прэзыдэнта Беларусі, старшыні сьледчага камітэту Шаева і на імя генэральнага пракурора Беларусі Канюка. Усе гэтыя інстанцыі перанакіравалі заявы прафсаюзу з просьбай аб узбуджэньні крымінальнай справы ў Віцебскую пракуратуру для прыняцьця мер. «Аднак Віцебская пракуратура адказала, што прафсаюз РЭП не зьяўляецца заяўнікам і ня можа прасіць аб абскарджаньні пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, - паведаміў Валер Місьнікаў. - Высновы напрошваюцца самі сабой…»
Praca-by.info