Паводле слоў прадстаўнікоў Сьледчага камітэту Беларусі, сьледзтва працягваецца, аднак затрыманых падазраваных па крымінальнай справе наконт справы аб выбуху ля будынку віцебскага КДБ няма. Расьсьледаваньнем інцыдэнту займаецца Ўпраўленьне сьледчага камітэту Беларусі па Віцебскай вобласьці. Узбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу «Хуліганства».
«У цяперашні час праца па гэтай крымінальнай справе працягваецца, - сказала афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова. - Праведзены шэраг сьледча-апэратыўных мерапрыемстваў, апытаныя сьведкі, ворганам дазнаньня дадзеныя дадатковыя даручэньні, накіраваныя на ўсталяваньне асоб падазраваных. Але на сёньняшні дзень асоб або асобы, затрыманых па факце зьдзяйсьненьня злачынства, няма».
Выбух ля будынка УКДБ па Віцебскай вобласьці адбыўся 11 лістапада мінулага году. Паводле заключэньня экспэртаў здэтанавала «прымітыўная самаробная піратэхнічная прылада». Адразу пасьля злачынства на датычнасьць да яго зьдзяйсьненьня супрацоўнікамі праваахоўных ворганаў правяралася блізу 60 чалавек. Паведамлялася пра аднаго затрыманага, які неўзабаве быў адпушчаны на волю.
Салідарнасьць