Жыхары вёскі Паўлавічы каля Віцебску пазбавіліся дамоў літаральна за два дні - іх падпалілі і тут жа зьнесьлі, паводле рашэньня раённай адміністрацыі. Усе выселеныя з дамоў у вёсцы Паўлавічы яшчэ 20 гадоў таму атрымалі жыльлё і кампэнсацыі, заявілі ў Віцебскім гарвыканкаме. Аднак жыхары вёскі сьцьвярджаюць, што частку дамоў яны выкупілі назад, і зьбіраюцца ісьці ў суд.
Гісторыя з высяленьнем дамоў у вёсцы Паўлавічы атрымала шырокі грамадзкі рэзананс, і Віцебскі гарвыканкам палічыў неабходным пракамэнтаваць сытуацыю. На адмысловым брыфінгу, праведзеным пасьля зьнішчэньня вёскі, старшыня Віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін урачыста паведаміў дзяржаўным журналістам, што ўсе жыхары вёскі яшчэ 20 гадоў таму атрымалі за свае дамы кватэры ў горадзе. А ў дадатак - кампэнсацыі. Таму шум, маўляў, паднялі дарма.
Жыхарка спаленых Паўлавіч Алена Каравіна распавяла “Эўрарадыё”, што кватэру ейная сям’я насамрэч атрымала. Але вось кампэнсацыі дачакаліся ўсяго 5-6 жыхароў гэтай ня самай маленькай вёскі. “Узамен людзям давалі кватэры. Але камусьці далі кватэры, якія не адпавядалі забраным дамам. Кампэнсацыі з усёй вёскі, з 34 дамоў, атрымалі 5-6 чалавек”, - кажа жанчына.
У тым далёкім 1992 годзе Паўлавічы цалкам так і ня зьнішчылі. Грошай на будаўніцтва анансаванай ЦЭЦ не знайшлося. Ацалелі 10 дамоў, якія выкупілі ў дзяржавы… былыя жыхары. Толькі вось вярнуць участкі не ўдалося. Чыноўнікі заявілі, што дазволяць гэта зрабіць, калі людзі вернуць гораду атрыманыя кватэры.
Людзі ў Паўлавічах жылі ў неіснуючай вёсцы 20 гадоў больш-менш спакойна - да 1 сьнежня 2012 году, калі даведаліся, што іх маёмасьць зьбіраюцца спаліць. На зборы было дадзена два дні. Жыхарка Паўлавіч Алена Голубева распавядае, што каштоўную нерухомасьць выратаваць не ўдалося: “З дому мы вывезьлі тое, што нам было трэба. А вось з гаражамі не атрымалася. У нас былі там два вялікіх цагляных гаражы. Мы іх хацелі разабраць на цэглу, але нам не дазволілі гэтага зрабіць”.
Самае цікавае пытаньне - чаму віцебскія ўлады вырашылі гэтак аўральна расправіцца зь вёскай, да якой ня мелі прэтэнзіяў ажно 20 апошніх гадоў? Паводле афіцыйнай вэрсіі, вясной тут распачнецца будаўніцтва гарбарнага заводу. Але зусім побач з Паўлавічамі знаходзіцца малаказавод і мясакамбінат. Сумніўна, што хто-небудзь дазволіць пабудаваць тут яшчэ і шкоднае хімічнае прадпрыемства. Таму частка жыхароў лічыць, што выгаднае разьмяшчэньне вёскі магло зацікавіць каго-небудзь зь мясцовых ці расейскіх бізнэсоўцаў, якія захацелі тут нешта пабудаваць.
Аднак найбольш імавернай лічаць яшчэ адну вэрсію. Алена Голубева мяркуе, што паскорылі працэс самі жыхары, калі напісалі пра сваю праблему ў адміністрацыю Лукашэнкі: “Я думаю, што такое хуткае зьнішчэньне вёскі зьвязанае з нашым зваротам у адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. Мы прасілі разабрацца з сытуацыяй, з нашым пытаньнем. На гэтай зямлі 20 гадоў нічога не будавалі, і мы прасілі ўчасткі нам вылучыць для карыстаньня, каб усё легальна было”.
Цалкам імаверна, што ў Віцебскім гарвыканкаме хтосьці даведаўся пра ліст вяскоўцаў і вырашыў сьцерці Паўлавічы з мапы ў простым сэнсе слова. Няма вёскі - няма праблемы. Тым больш што ў Віцебск неўзабаве прыедзе сам Аляксандар Лукашэнка. Раптам пра вёску спытае.