Гісторыя ўсплыла пасьля праверкі аднаго зь сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёну. «Работнікі фінансавай міліцыі высьветлілі, што першы намесьнік старшыні Ўшацкага райвыканкаму распарадзіўся скрасьці бычка з фэрмы. Ён набыў вакцыну для ўсыпленьня жывёлы, перадаў яе службовым асобам сельгаспрадпрыемства, распрацаваў плян вывазу бычка з фэрмы і дастаўкі яго ў прыватную сялянскую фэрмэрскую гаспадарку Ўшацкага раёну», — расказвае падрабязнасьці Камітэт дзяржкантролю.
Першы намесьнік Ушацкага райвыканкаму — гэта Аляксандар Іоскін, які адказваў за сельскую гаспадарку і харчаваньне.
Для сваёй спэцапэрацыі чыноўнік выкарыстаў супрацоўнікоў сельгаспрадпрыемства. Загадчыца фэрмы падбірала бычка і кантралявала яго дастаўку, вэтэрынар усыпіў жывёлу, кіроўца адвёз «куды трэба».
Кошт бычка ацанілі на 1000 рублёў. На ўсю кампанію завялі крымінальныя справы за крадзеж з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў групай асобаў. Пакараньне — ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Непасрэдна на чыноўніка таксама завялі справу за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Цяпер ён пад вартай. За няўдалы крадзеж бычка яму пагражае да 10 гадоў.
Цяпер абавязкі Іоскіна выконвае іншы чыноўнік.
Цікава, што, магчыма, гісторыя яшчэ ня скончылася — фінансавая міліцыя шукае яшчэ 70 галоў быдла, якія зьніклі з таго ж сельгаспрадпрыемства.
УШ, nn.by