8 лістапада з 39-гадовым дырэктарам КУП «ЖКГ г. Полацку» Андрэем Сідзюком, які таксама зьяўляецца дэпутатам Полацкага райсавету, скасавалі кантракт з дыскрэдытацыйных абставінаў.
У чэрвені дырэктар ЖКГ Полацку быў часова адхілены ад пасады: яго і начальніка аддзелу маркетынгу прадпрыемства западозрылі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і распачалі крымінальную справу.
Праверку КУП «ЖКГ г. Полацка» ладзілі Полацкі міжраённы камітэт дзяржкантролю разам з Наваполацкім міжраённым аддзелам упраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК па Віцебскай вобласьці. Яны выявілі факты залішняга расходаваньня сродкаў прадпрыемства з парушэньнем заканадаўства і ўнутраных актаў пры закупцы паліўнай дранкі і будаўнічых матэрыялаў, усяго было пераплачана 607 400 рублёў.
Акрамя таго, як паказала праверка, ЖКГ пры будаўніцтве ў Полацку мэмарыяльнага комплексу «Урочышча Пяскі» была дапушчаная прыёмка няякасна выкананых работ і прымяненьне несэртыфікаваных будматэрыялаў, а таксама прынятыя да аплаты работы, якія фактычна не выконваліся. У выніку кошт будаўніцтва гэтага мэмарыялу быў завышаны на 57 000 рублёў.
За гэтыя парушэньні ў дачыненьні да дырэктара ЖКГ Полацку Андрэя Сідзюка распачалі і расьсьледуюць крымінальную справу паводле часткі 3 артыкулу 426 КК – перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў.
Пасьля разгляду вынікаў гэтай праверкі на калегіі Камітэту дзяржкантролю вобласьці старшыня Полацкага райвыканкаму 8 лістапада выдаў распараджэньне скасаваць са спадаром Сідзюком кантракт з дыскрэдытацыйных абставінаў, прадугледжаных падпунктам 6.2 дэкрэту № 5 «Аб узмацненьні патрабаваньняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацыяў» – іншае грубае парушэньне кіраўніком прадпрыемства працоўных абавязкаў, якое выявілася ў незабесьпячэньні выкананьня заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб закупках, што пацягнула залішнюю расходаваньне грашовых сродкаў прадпрыемства і прычыненьне шкоды.
Акрамя таго да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі службовых асобаў, якія не забясьпечылі належны кантроль за дзейнасьцю ЖКГ Полацку. Таксама прынятыя меры па фармаваньні ў КУП «ЖКГ г. Полацку» камісіі для правядзеньня закупак за кошт уласных сродкаў зь ліку работнікаў, якія маюць адмысловыя веды ў гэтай сфэры, і забесьпячэньні яе працы ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства, паведамляе прэс-служба КДК.
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc
Фота: L34.news