Віцебскі ўрач Ігар Пастноў неаднаразова ўздымаў балючыя пытаньні віцебскай мэдыцыны ў друкаваных СМІ і праз інтэрнэт. Цяпер ён мусіў зьвярнуцца ў міліцыю, бо нехта, падпісваючыся ягоным імем, разьмяшчае ў інтэрнэце камэнтары правакацыйнага зьместу.
Заява Ігара Пастнова пра тое, што невядомыя ад яго імя “абліваюць брудам знаёмых і сяброў”, зафіксаваная ў адмысловым відэазвароце. Ен гаворыць пра тое, што заўжды імкнуўся абнародаваць тыя праблемы, якія мае віцебская мэдыцына, але не “зьбіраць бруд”. Калі ж міліцыя не паставіцца да ягоных патрабаваньняў знайсьці сапраўдных паклёпнікаў сур’ёзна, віцебскі лекар будзе зьвяртацца ў пракуратуру.
Зрэшты, правакацыйныя выказваньні спадара Пастнова не спалохалі: у відэазвароце ён зноў нагадвае пра тое, што некаторыя віцебскія шпіталі знаходзяцца ня ў лепшым стане, і што будаўніцтва некаторых важных мэдычных аб’ектаў даўно стала безнадзейным “даўгабудам”…
За гэткія публічныя выказваньні, у праватнасьці, у перадачах тэлеканалу “Белсат”, Ігар Пастноў ужо меў асабістыя непрыемнасьці: праз кіраўніцтва палікілінікі, дзе ён працуе, яму пагражалі “людзі ў цывільным”. Дый раней, пасьля зваротаў у дзяржаўныя СМІ і да прадстаўнікоў улады, непакорнага ўрача некалькі разоў звальнялі з працы і нават дасылалі позву ў псыханэўралягічны дыспансэр. “Але я сам маю дыплём урача-псыхіятра, таму сказаў сваім ‘добразычліўцам’ як псыхіятар: “Ваш дыягназ – прага да ўлады!” – сказаў аднойчы ў інтэрвію “Народнай Волі” І. Пастноў.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”