Абвешчаны 26 верасьня збор подпісаў супраць зьнішчэньня парку на месцы будаўніцтва нечакана перайшоў у публічную дыскусію. Яна разгарэлася са зьяўленьнем настаяцеля будучага сабору протаіерэя Міхаіла, які вырашыў пажартаваць з крытычна настроенымі месьцічамі.
«Я – бедны бедуін Міхаіл. А тут сабраліся прыхільнікі будаўніцтва Сафійскага сабору? Вось і я прыйшоў да вас далучыцца!» – такім чынам айцец Міхаіл павітаўся з прысутнымі. Аднак людзей, якія сабраліся ў парку зь іншымі мэтамі, гэткія жарты не насьмяшылі. Хутчэй, абурылі.
Мясцовыя жыхары сказалі сьвятару, што яны катэгарычна супраць будаўніцтва копіі Сафійскага сабору ўзору 11-га стагодзьдзя, якога ніколі не было ў Віцебску. Прынамсі тут, у зялёнай зоне гістарычнага цэнтру гораду. І прапанавалі, каб Віцебская епархія праваслаўнай царквы знайшла для будаўніцтва іншае месца – напрыклад, дзе-небудзь у «спальным» раёне, калі ўжо ўзьвядзеньне псэўдагістарычнага храму падаецца такім неабходным. Нагадалі айцу Міхаілу і пра бядотны стан сапраўдных архітэктурных помнікаў, якія руйнуюцца, пра недабудаваныя шпіталі і паліклінікі, пра тое, што ў горадзе бракуе школ і дзіцячых садкоў.
Сьвятар сьпярша працягваў жартаваць, і нават перажагнаўся на помнік Уладзімеру Караткевічу, каля якога сабраліся ахвотныя падпісаць ліст пратэсту. Але потым пачаў падвышаць голас, асабліва на тых, хто размаўляў зь ім па-беларуску, асуджальна кажучы, што яны «нарадзіліся ў вёсцы». У натоўпе гэта выклікала яшчэ большае абурэньне, нехта нават гукнуў, што «нам не патрэбны ваш “рускі мір”, які вы сюды хочаце прывесьці».
Айцец Міхаіл спрачаўся з прысутнымі каля гадзіны, то палохаючы іх рознымі бедамі празь нежаданьне ўбачыць у Віцебску яшчэ адну царкву, то абяцаючы «зрабіць фантан» і «пасадзіць новы парк». Нехта спрабаваў падтрымаць пазыцыю сьвятара, але большасьць адкрыта дэманстравала недавер да ягоных словаў. Хтосьці спрачаўся далей, а хтосьці моўчкі падпісваў зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць зьнішчэньне парку і будаўніцтва сабору, якое месьцічы не вітаюць з многіх прычынаў...
Каля 130-ці подпісаў пад лістом у прэзыдэнцкую адміністрацыю сабралі мясцовыя жыхары па вакольных дварох. Яшчэ больш за 80 подпісаў было сабрана каля помніку Ўладзімеру Караткевічу, куды людзі прыйшлі па запрашэньнях у сацыяльных сетках. Падчас сустрэчы відавочна адчувалася, што абурэньне жыхароў Віцебску дасягнула мяжы: людзі заклікалі адзін аднаго зладзіць мітынг пратэсту, пайсьці маршам да гарвыканкаму, стаць ланцугом на абарону дрэваў, як толькі ў парку будзе заўважаная будаўнічая тэхніка. Прычым узяць з сабой дзяцей і ўнукаў.
Цяжка нават прыгадаць, якая падзея гарадзкога маштабу выклікала раней столькі ж гневу і крыўды ў мясцовых насельнікаў. Хіба толькі зьнішчэньне дрэваў на плошчы Перамогі, якога віцебчукі дагэтуль ня могуць дараваць Аляксандру Косінцу, тагачаснаму старшыню віцебскага аблвыканкаму. Але і тады людзі не выходзілі на адкрытыя пратэсты, як здарылася гэтым разам.
Мажліва, на рост пратэстных настрояў паўплывала тое, што якраз гэтымі днямі ў парку зьявіўся плот, у паўтара разы вышэйшы за чалавечы рост. Раней тэрыторыю будаўніцтва толькі абнесьлі рэйкамі, а цяпер на іх замацавалі мэталёвыя шчыты. «Гэта на два з паловай гады, пакуль не пабудуюць сабор», – тлумачылі мінакам рабочыя.
З-за плоту ярка-зялёнага колеру выглядваюць пажаўцелыя дрэвы, якія сталі закладнікамі будаўніцтва Сафійскага сабору. І гэтыя маляўнічыя краявіды віцебчукі разглядаюць сёньня з асаблівай скрухай.
Плот зьявіўся неўзабаве пасьля таго, як праект будаўніцтва толькі з трэцяга разу прайшоў экалягічную экспэртызу. Аднак грамадзкага абмеркаваньня праекту ў апошнім варыянце так і не было, і ніхто па вялікім рахунку ня ведае, якая частка парку будзе зьнішчаная перад пачаткам будаўніцтва.
Ідэя пабудаваць у Віцебску копію полацкага Сафійскага сабору, якім ён быў у 11-м стагодзьдзі, была агучаная ў 2013 годзе. Яна належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, які заявіў, што гэтае будаўніцтва «асабліва актуальнае ў сувязі са сьвяткаваньнем 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі». Фінансаваньне аб’екту, паводле віцебскіх чыноўнікаў і царкоўных уладаў, нібыта бярэ на сябе расейскі «Газпром». Але апошнім часам пра «газпромаўскіх» фундатараў амаль не чуваць, затое пачаліся заклікі да мясцовых ахвярадаўцаў. Жыхары Віцебску мяркуюць, што справа дойдзе і да «добраахвотных суботнікаў» на ўзьвядзеньне аб’екту, які ня мае ў горадзе аніякай гістарычнай традыцыі.
Радыё Свабода