Днём 18 чэрвеня ў Віцебску на плошчы Перамогі актывісты байкерскага руху дэманстравалі жыхарам «паўночнай сталіцы» сябе і сваю тэхніку. Гэтая акцыя была ініцыяваная віцебскімі матацыклістамі ў межах зьлёту байкераў, які праходзіў у адным з санаторыяў пад Віцебскам.
На галоўнай плошчы гораду байкерамі былі выстаўленыя больш за 150 матацыклаў розных вытворцаў і канструкцыяў. Па нумарах і дзяржаўнай сымболіцы можна было здагадацца, што аматары экстрэмальнай язды прыехалі ў Віцебск з усіх абласьцей Беларусі, а таксама з Расейскай Фэдэрацыі і зь Летувы.
Экіпіроўка і атрыбутыка, якія аздаблялі тэхніку і іх уладальнікаў, паказвалі на агрэсіўную жыцьцёвую пазыцыю іх уладальнікаў. Самі байкеры адчувалі сябе гаспадарамі становішча. Усьведамляючы сваю беспакаранасьць, яны дэманстратыўна ўжывалі піва ў грамадзкім месцы, гучна брыдкасловілі нецэнзурнай лаянкай. Фашысцкія зялезныя крыжы на матацыклах, чарапы на сьцягах рэзка дысанавалі з назвай плошчы, і лёзунгам «Подзьвіг савецкага народу несьмяротны».
Прысутнасьць на мерапрыемстве некалькіх нарадаў работнікаў міліцыі, ДПС і карэты хуткай дапамогі сьведчылі пра тое, што гэтае мерапрыемства дазволенае гарадзкімі ўладамі, а байкеры са сваімі лёзунгамі і стылем паводзін ідэалягічна блізкія «айцам гораду».






