Таксісты Віцебска дагэтуль абмяркоўваюць абставіны забойства іхняга калегі і кажуць пра тое, што ад вырадкаў немагчыма засьцерагчыся ні ў таксі, ні ў жыцьці наогул.
«Супраць дурня або вырадка нічога ня зробіш», – лічыць таксіст з 7-гадовым стажам, які папрасіў не называць яго імя. У гутарцы з «Дыялёгам» ён прызнаўся, што ўвесь час мае пад рукой газавы балёнчык – на ўсялякі выпадак. А выпадкаў, калі ў салёне аўто апынаўся агрэсыўны кліент, паводле ягоных словаў, было ўжо дастаткова.
«З агрэсіяй кліентаў сутыкаюся часта. У асноўным у п'яным выглядзе. Іх проста «замыкае». Ведаеце, я ўжо небясьпечных кліентаў распазнаю зь першага погляду. Гэта ж па твары відаць. Калі бачу, што ёсьць рызыка, проста адмаўляюся везьці, паведамляю апэратару. Былі ў мяне выпадкі, калі ўсё быццам бы нармальна, усё нібыта гладка, а чалавека «замкнула» – і ўсё. Неадэкватны чалавек можа і за стырно схапіцца і ўсё, што хочаш, можа зрабіць, таму садзіцца наперад такім не прапаную, хай лепш ззаду сядзіць...» – дзеліцца таксіст.
Як сьцвярджае суразмоўца, міліцыя таксістам дапамагае зусім не заўсёды:
«Я вам адразу хачу сказаць: мы ні ад кога нічым не абароненыя. Тым больш – ад дурняў. Да прыкладу, кліент ня хоча разьлічыцца. Дык вось некаторыя РАУС, напрыклад Першамайскі, наогул ніяк не рэагуе. Мы нават па рацыі раім ў такіх выпадках: вязіце ў Кастрычніцкі, таму што там хоць неяк адрэагуюць. Я быў зьвярнуўся ў Першамайку, калі прывёз жанчыну ў пьяным выглядзе, якая не хацела плаціць. Склалі пратакол, а потым мне даслалі паперку, што ў яе дзеяньнях, маўляў, адсутнічае склад злачынства. Ну і ўсё ... » – абураецца таксіст.
Паводле ягоных слоў, людзі падманваюць нячаста і толькі калі п'яныя. «У нас наогул усе праблемы ад п'яні...» – заўважае ён.
У нас наогул усе праблемы ад п'яні...
Цьвердзіць: штодзённая рызыка грашыма ані не акупляецца, і працаваць цяпер становіцца ўсё складаней: вельмі дорага абыходзіцца ўтрымліваць аўтамабіль і г.д. Кліентаў з пачатку года прыкметна паменьшылася. «Грошы ў людзей ёсьць, але размяркоўваюць яны іх цяпер па-іншаму. На ежу аддаюць, на таксі не пракатваюць », – падсумаваў таксіст.
Яго калега Віктар газавых балёнчыкаў з сабой ня возіць і да магчымай небясьпекі ставіцца як лермантаўскі «фаталіст»: «А ніяк сябе не засцерагчы ад адмарозкаў. Гэта справа выпадку. Ці здаралася са мной? Не, але ў любы момант можа здарыцца. Калі ззаду ўдараць – балёнчык ўжо не дапаможа. Але праца наша ня больш рызыкоўная, чым у іншых: на будоўлі людзей больш гіне, чым у таксі. Ці ня так?»
Віктар распавядае, што зарабляе прыблізна 500 даляраў. Працуе толькі днём. Таксама заўважыў, што віцябляне сёлета сталі нашмат радзей замаўляць таксі. І справа не ў дарогай таксе: «Думаю, проста зьбяднеў народ наш у гэтым годзе. Не да таксовак яму цяпер – лепш пехатой прагуляцца ды зэканоміць».
Прызнаецца, што пасьля гучнага забойства кіроўцы таксі гарадзкія таксісты паспрабавалі сабрацца разам і абмеркаваць карпаратыўныя праблемы, але да адной роўніцы так і не прыйшлі. «Усё гэта – пераліваньне з пустога ў парожняе», – кажа Віктар.
Не мае пры сабе падручных сродкаў самаабароны і таксіст Валеры. Ён таксама лічыць, што «ўсе гэтыя балёнчыкі – толькі сродак самазаспакаеньня». «Адзіны дзейсны сродак у таксіста – рацыя. Па рацыі б'еш трывогу – і праз дзьве-тры хвіліны пад'язджаюць на падмогу іншыя машыны. А наогул, я давяраю пасажырам. Шмат што залежыць ад таго, як сам сябе павядзеш. Можна грубіяніць, а можна па-чалавечы растлумачыць сытуацыю. Нават п'янаму. Не, адгароджвацца ад пасажыра перагародкай, як у Францыі, не зьбіраюся », – кажа кіроўца таксі.
Паводле яго слоў, гадоў 10 таму пасажыр напаў на яго, каб адабраць грошы. Але справіўся сам – нават міліцыю не выклікаў.
Падобна, што на міліцыю таксісты асабліва не спадзяюцца.
Нагадаем, што меркаванага забойцу 20-гадовага таксіста затрымалі прыкладна праз тыдзень пасля таго, як на канцавым прыпынку аўтобусу № 10 у Віцебску было знойдзена цела ахвяры.