Канвэнцыя, пакт, канстытуцыя – веданьне гэтых і іншых тэрмінаў, а таксама ўпэўненую юрыдычную пісьменнасьць паказалі школьнікі Віцебшчыны на заключным этапе абласнога фэстывалю прававых ведаў, які прайшоў у актавай залі абласнога Палаца дзяцей і моладзі.
Добрыя пажаданьні ў адрас удзельнікаў сказалі дырэктар установы Сяргей Шыбека і начальнік упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Віцаблвыканкаму Аляксандар Руколь. Яны нагадалі значнасьць прававой пісьменнасьці ў жыцьці кожнага чалавека. Пасьля чаго дзеці, якія стаяць на розных катэгорыях ўліку, у тым ліку ў інспэкцыі па справах непаўналетніх, адправіліся вырашаць заданьні алімпіяды прававых ведаў, дзе ім трэба было адказаць на 54 пытаньні.
Пакуль юрысты-пачаткоўцы праходзілі тэсты, у творчым конкурсе спаборнічалі агітбрыгады атрадаў «Юных сяброў міліцыі». Самадзейныя артысты паказалі ня толькі сваё сцэнічнае майстэрства, але і глыбокія веды ў галіне прававых адносін.
Як паведаміла сацыяльны пэдагог Палаца дзяцей і моладзі Алеся Дарожка, гэты фэстываль ладзіцца шосты год запар і выклікае вялікую цікавасьць у дзяцей і пэдагогаў. Школьнікі актыўна вывучаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, набіраюцца ведаў у галіне права.
У пацьверджаньне гэтаму ўдзельнікі алімпіяды зь лёгкасьцю вырашылі тэставыя заданьні. Але лепш за ўсіх зь імі справіўся Мацьвей Цесюль з Браслаўскай СШ №1 імя А. Жданава. Другое месца дасталася Сьвятлане Конан з Лынтупскіх ясьляў-саду сярэдняй школы Пастаўскага раёну, а трэцяе падзялілі між сабою вучаніца Докшыцкай СШ №1 Вікторыя Шыла і выхаванец гімназіі №2 Наваполацку Зьміцер Ермаловіч. У падарунак ад рэгіянальнага цэнтру прававой інфармацыі яны атрымалі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і канцылярскія прыналежнасьці.
У адрозьненьне ад крытэраў ацэнкі алімпіяднікаў, творчы конкурс патрабаваў ад судзейства больш дэталёвага падыходу. Змаганьне агітбрыгад адбывалася ў трох узроставых намінацыях. Так, найлепшымі сярод вучняў 1-4 клясаў сталі дзеці з Полацкай СШ №18 імя Эўфрасіньні Полацкай, 5-7 клясаў – Віцебскай СШ №4, а сярод старшаклясьнікаў – Заслонаўскай СШ Лепельскага раёну. У падарунак ад УУС і Палаца дзяцей і моладзі пераможцы атрымалі салодкія прызы.
Тацяна Серабракова, Витебские вести
Фота: Дзьмітры Восіпаў