У Віцебскай вобласьці на 1 верасьня пражывала 1 мільён 209 тысяч 800 чалавек. Гэта амаль на чатыры з паловай тысячы меньш, чым на пачатку года.
Паводле падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на Віцебшчыне дэмаграфічная рэгрэсія самая вялікая і імклівая. Для прыкладу, у Берасьцейскай вобласьці колькасьць насельніцтва за восем месяцаў 2012 года амаль што не зьмянілася, у Гомельскай – зьнізілася на тысячу чалавек, у Гродзенскай – прыблізна на 1 300 чалавек, у Магілёўскай – мінус 2 800, на Міншчыне – мінус 500. Станоўчая дынаміка назіралася толькі ў сталіцы (+3 800 чалавек).
Усяго колькасьць насельніцтва Беларусі ад пачатку года скарацілася на 6,2 тыс. чалавек і склала на 1 верасьня 9 млн. 459 тыс. чалавек.
У студзені-жніўні 2012 года на Віцебшчыне нарадзіліся 8 495 дзетак, а памерла – 12 523 чалавекі. Каэфіцыент нараджальнасьці (10,5 народжаных на 1 тыс. насельніцтва) у нашым рэгіёне самы нізкі ў краіне. А паказальнік сьмяротнасьці (15,5 памерлых на тысячу чалавек) – самы высокі.
Паказальна, што за восем месяцаў бягучага года ў параўнаньні з такім жа перыядам 2011 года ў Беларусі зьменьшылася на 9,3% колькасьць зарэгістраваных шлюбаў, а разводаў павялічылася на 12%. У студзені-жніўні 2012 года на тысячу шлюбаў прыходзілася 568 разводаў. Летась за аналягічны перыяд было 460 разводаў на тысячу вясельляў.