Праект рашэньня Полацкага раённага савету дэпутатаў выносіўся на 17 сэсію райсавету старшынём пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктарам Стукавым. Аднак райсавет адмовіўся разглядаць прапанаваны прафсаюзным лідэрам праект, і рашэньне аб наладжваньні сацыяльнага партнэрства і выкананьні забавязаньняў ураду Беларусі прынятае не было.
Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) спрабуе праз органы мясцовага кіраваньня змусіць дырэктара ААТ «Полацак-Шкловалакно» выконваць указ прэзыдэнта і генэральнае пагадненьне з урадам, каб ліквідаваць дыскрымінацыю рабочых заводу паводле прыкметы іх удзелу ў прафсаюзе.
Законам Беларусі аб мясцовым кіраваньні прадугледжанае права грамадзян уносіць матываваныя праекты рашэньняў мясцовых саветаў. Больш таго, такія праекты рашэньняў павінны абавязкова разглядацца сэсіяй райсавету і вынікі разгляду павінны публікавацца ў газэце.
Прадстаўляючы інтарэсы рабочых
Старшыня пяршоўкі СПБ прасіў райсавет прыняць наступнае рашэньне:
Рэалізуючы рэкамэндацыю Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) аб асаблівай увазе да скаргаў на дыскрымінацыю як вынік супрацы з Камітэтам МАП, і
Імплемэнтуючы пункт 45 Генэральнага пагадненьня паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб'яднаньнямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2016 – 2018 гады, Полацкі райсавет ВЫРАШЫЎ:
1. Зьвярнуць увагу наймальніка – ААТ «Полацак-Шкловалакно» на дапушчаныя парушэньні Ўказу прэзыдэнта ад 15 лiпеня 1995 году № 278 «Аб разьвіцьці сацыяльнага партнэрства ў Рэспубліцы Беларусь», на недапушчальнасьць дыскрымінацыі работнікаў аднародных прафэсіяў за ўдзел у прафсаюзе і неабходнасьць прыняцьця мер, якія выключаць гэткія парушэньні.
2. У тэрмін да 23 красавіка 2016 году ўключыць прадстаўніка Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Мікалая Шараха ў камісію па вядзеньні калектыўных перамоваў і ўнесьці дапаўненьні і зьмены ў Калектыўную дамову, якія ліквідуюць дыскрымінацыю работнікаў у залежнасьці ад удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах.
Аб прынятых мерах паведаміць Полацкаму раённаму Савету дэпутатаў у месячны тэрмiн з дня атрыманьня копіі гэтага РАШЭННЯ.
Каму закон не пісаны
Аднак старшыня Полацкага раённага савету дэпутатаў Ёсіф Грыбовіч вырашыў не разглядаць праект на сэсіі райсавету. Тым самым ён, на думку актывістаў Свабоднага прафсаюзу, парушыў закон аб мясцовым кіраваньні.
Праект рашэньня райсавету і суправаджальны ліст ад старшыні пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу спадар Грыбовіч пераправіў для адказу старшыню Полацкага раённага аб'яднаньня прафсаюзаў ФПБ Сьвятлане Янічак. У Свабодным прафсаюзе зьдзіўленыя: спадарыня Янічак С.Л. ня мае ніякага дачыненьня да іх прафсаюзу і не падпарадкаваная па працы старшыню райсавету Грыбовічу.
Прафсаюзны функцыянэр Янічак, тым ня менш, палічыла за лепшае не пярэчыць райсавету і ўзяла на сябе абавязак адказаць Свабоднаму прафсаюзу. Аднак папярэдне даслала запыт у абласное аб'яднаньне прафсаюзаў ФПБ.
Распавядае Віктар Стукаў: «Падчас асабістай сустрэчы 6 красавіка са Сьвятланай Янічак яна сказала, што адказу нам у яе пакуль няма. Бо яна накіравала запыт у абласное аб'яднаньне прафсаюзаў. Хоць гэтае пытаньне не да прафсаюзаў ФПБ, а да мясцовай улады, якая адмаўляецца выконваць свае абавязкі. Мы абскардзім дзеяньні Полацкага райсавету ў абласны Савет дэпутатаў. І, калі спатрэбіцца, пададзім скаргу на райсавет ў Полацкі суд».
Аляксандар Марозаў