Работнікі ААТ «Нафтан» зьвярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў з просьбай разгледзець сытуацыю, якая склалася на прадпрыемстве.
У сваім звароце яны сьцьвярджаюць, што завод зьяўляецца банкрутам, і задаюцца пытаньнямі, чаму так атрымалася: «Чаму ж, пры працы прадпрыемства на поўную загрузку, калі работнікі цалкам выконваюць устаноўленыя заданьні, у заводу ня стала грошай, у выніку чаго работнікі стануць атрымліваць значна менш? Чаму па справаздачах Белстату паказчыкі ААТ «Нафтан» у дзесяць разоў горшыя, чым у мазырскіх калегаў?»
У лісьце гаворыцца і пра невыкананьне плянаў мадэрнізацыі заводу, якая пачалася больш за 6 гадоў таму. Нягледзячы на тое, што на будаўніцтва фундамэнтаў і канструкцыяў з мэталу ў межах мадэрнізацыі былі патрачаныя сотні мільёнаў даляраў, ніводная з установак, заплянаваных да ўводу ў эксплёатацыю, дагэтуль не гатовая. Работнікі заводу таксама непакояцца, што існуе пагроза выхаду са строю абсталяваньня, паколькі «пад выглядам эканоміі і скарачэньня тэрмінаў рамонту не праводзяцца неабходныя рамонтныя работы».
Прычынай пагаршэньня сытуацыі, на думку аўтараў ліста, зьяўляецца тое, што апошнімі гадамі адказныя пасады на прадпрыемстве займаюць людзі, запрошаныя «з боку»: «Хто робіць спэцыяльна так, каб на пасады, зьвязаныя з закупкамі, продажамі, фінансамі... не патрапілі выхадцы з заводу (бо ў нас 12 тысяч работнікаў)? На працягу некалькіх апошніх гадоў з кіруючых пасад практычна цалкам былі прыбраныя ўсе мясцовыя кампэтэнтныя спэцыялісты... і на іх месца расстаўленыя непрафэсіяналы, якія ніколі не працавалі ў нафтаперапрацоўцы, не жылі ў Наваполацку».
У лісьце выказваецца абурэньне тым фактам, што апошнім часам на прадпрыемстве «Нафтан», вытворчасьць на якім зьяўляецца асабліва небясьпечнай, была ліквідаваная пасада намесьніка генэральнага дырэктара, які курыраваў пытаньні аховы і бясьпекі на заводзе, а таксама быў зьніжаны заробак усім работнікам службы аховы і бясьпекі.
Работнікі прадпрыемства выказваюць незадаволенасьць мэтадамі, з дапамогай якіх кіраўніцтва спрабуе выйсьці са складанай сытуацыі, і скардзяцца на пагаршэньне ўмоваў працы: «Замест таго, каб шукаць рэальныя рэзэрвы на вытворчасьці ва ўмовах крызысу, прадпісваецца эканоміць канцтавары, паперу, мыла і да т.п. Рабочым на сустрэчах з калектывам гаворыцца толькі пра неабходнасьць уціснуцца ў зарплаце, прыпыніць Калдамову, прыбраць усе льготы, пазбавіцца ад сацыяльных аб'ектаў». Паводле адкрытага ліста, за апошні час завод адмовіўся ад дзіцячага летніка «Палімір», турбазы «Палімір», басэйна, некалькіх спарткомплексаў. Таксама спыненая вытворчасьць агародніны ў заводзкай цяпліцы. Чакаецца і ліквідацыя падсобнай рыбнай гаспадаркі.
Паводле інфармацыі сайту полацкага аддзяленьня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, неўзабаве ААТ «Нафтан» зьбіраецца наведаць Аляксандар Лукашэнка. Прычынай афіцыйнага візыту, магчыма, стаў адкрыты ліст работнікаў заводу.
Што да рэакцыі кіраўніцтва «Нафтану», то яно заявіла, што ў адкрытым лісьце падаецца скажоная інфармацыя, што ўзводзіць паклёп на прадпрыемства, якое працуе стабільна і выконвае ўсе сацыяльныя забавязаньні перад работнікамі. Больш таго, «чалавека з такім прозьвішчам, які нібыта яго [адкрыты ліст] падпісаў, няма сярод работнікаў ААТ «Нафтан»...» – напісаў намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Сяргей Яўтушык у заяве, дасланай у сродкі масавай інфармацыі.