Аксана Юр'ева засталася зусім адна, без бацькоўскай апекі, вельмі рана, калі ёй быў усяго адзін год (тады яе мама была пазбаўленая бацькоўскіх правоў). Па спаўненьні 23-гадовага ўзросту, у адпаведнасьці з заканадаўствам, статус сіраты зь яе быў зьняты. Цяпер Аксане – 29, але ейнае жыцьцё па-ранейшаму не наладжанае: блізкімі людзьмі і сям'ёй абзавесьціся не атрымалася, а жытло, якое гарантуе сіротам дзяржава, ёй не далі.
Сёньня жыцьцё дзяўчыны – бесьперапынны стрэс: набліжаецца той момант, калі яна страціць рэгістрацыю, дадзеную 4 гады таму, як называе яе Аксана, «цёткай Нінай» – жанчынай, якая проста не была абыякавай. Але жанчына разьвіталася з жыцьцём 2 гады таму, а цяпер сын яе хоча праз суд адмяніць рэгістрацыю дзяўчыны, пасьля чаго яна далучыцца да шэрагаў тых, у каго няма пэўнага месца жыхарства.
Маму бачыла толькі аднойчы
З роднай маці Аксана сустрэлася толькі адзін раз, у пяцігадовым узросьце. Тады мама зазірнула ў той дзіцячы дом, дзе знаходзілася маленькая Аксана і яе сястра, якая была крыху старэйшай – 6 гадоў, каб забраць дзяцей да сябе на выходныя.
Аксана з маці ня тое што не паехала, а не знайшла ў сабе сіл нават паглядзець на яе і проста ўцякла. А вось шасьцігадовую сястру мама з сабой забрала. Але гісторыя скончылася сумна: пайшоўшы па алькаголь, яна пакінула сястру адну, і тая згарэла жыўцом у хаце.
І пасьля ад роднай маці ў жыцьці Аксаны і сьлед прастыў. Спачатку домам для дзяўчынкі стаў Аршанскі дзіцячы дом, потым – Пастаўская школа-інтэрнат. Скончыўшы 9 клясаў, дзяўчына паступіла ў аграрны каледж у Лужасьне. І хоць вучылася на «выдатна», успамінае Аксана, але выбару тады не было. І з таго моманту яна зразумела, што жыцьцё можа быць яшчэ горшым, чымся ўяўлялася раней.
Прыехаўшы да месца вучобы, ніякіх грошай Аксана з сабой ня мела. Тады яна ўяўляла, што, як і раней, будзе на дзяржзабесьпячэньні, то бок есьці ў сталоўцы, жыць у інтэрнаце і атрымліваць спэцыяльную грашовую дапамогу. Тады ёй было 16.
Вучоба ў Лужасьне пачыналася няпроста. Напрыклад, аднагодкі кпілі з Аксаны, калі тая прыйшла на заняткі без асадкі і сшытку і прызналася ўсім, што ёй проста няма за што іх купіць. Пасьля быў невялікі пэрыяд жыцьця ў Паставах, куды яна зьехала «безьбілетнікам» на дызэлі і дзе жыла тая самая цётка Ніна. Месцам жыхарства Аксаны на час зноў стала школа-інтэрнат, выходныя яна праводзіла ў цёткі Ніны. Жанчына забірала яе, бо была неабыякавая. Быў і пэрыяд, калі Аксана жыла ў цёткі Ніны каля трох тыдняў, да таго часу, пакуль ёй ня сталі выплачваць дапамогу. Тут ужо дзяўчына вырашыла вярнуцца ў каледж, дзе хуткімі тэмпамі ўлілася ў навучальны працэс.
Неабыякавай цёткі Ніны няма ўжо некалькі гадоў. Сёньня яе сын зьбіраецца ануляваць рэгістрацыю Аксаны. Сытуацыі не пазайздросьціш: месца, дзе можна прапісацца зноўку, у дзяўчыны няма; добраахвотная выпіска у нікуды – гэта не паводле закону. Выходзіць, Аксана будзе бамжом.
«У сірацінцы ніхто не тлумачыў нашых правоў»
Што тычыцца сваёй першапачатковай сям'і, то Аксане Юр'евай вядома, што ў яе 11 сясьцёр. Знаёмая Аксана толькі зь дзьвюма: адну ўдачарылі і яна жыве ў Італіі; другая – пражывае, як і Аксана, у РБ, аднак сустракаюцца сёстры нячаста.
У 20 гадоў Аксана стала студэнткай Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны, ёй далі інтэрнат. Аднак бліжэй да канца вучобы дзяўчына ўжо ўсур'ёз стала думаць пра жытло. Паколькі ў Аксаны быў статус сіраты, яе павінны былі паставіць на чаргу, калі ёй споўнілася 18. Аднак гэтага не адбылося. У адпаведнасьці з новым законам 2005 году, які прапісвае сацгарантыі дзяцей-сірот, статус сіраты страчваецца па дасягненьні 23 гадоў (раней – у 25). Гэты закон, як прызналася Аксана, стаў для яе неспадзеўкай.
Паводле словаў дзяўчыны, у сірацінцы пра іх правы ім ніхто не распавядаў, дакладнага разуменьня таго, што ім канкрэтна належыць, не было. Толькі вучачыся ў ВДАВМ, Аксана стала разумець, што можа атрымаць дзяржытло. Яшчэ да сваіх 23 гадоў яна зьвярнулася ў Віцебскі аблвыканкам і папрасіла сацыяльнае жытло, аднак улады далі адмову, грунтуючыся на тым, што жытло ёй будзе дадзенае на першым месцы працы.
З 23 гадоў – ужо не сірата, а значыць – да дзяржавы ніякіх прэтэнзіяў
У Аксаны не было прычын сумнявацца ў тым, што так і будзе. І калі было разьмеркаваньне, дзяўчына бяз роздумаў паехала ў СВК «Кухчыцы», што ў Клецкім раёне, тым больш што раней была там на практыцы, і кіраўнік СВК з упэўненасьцю сказаў, што будзе дадзенае жытло. Аднак пасьля прыезду ўжо на месца абяцаньне выкананае не было, жытла маладому спэцыялісту не далі. І Аксана жыла ў жанчыны, якая яе прымала, калі Аксана прыяжджала практыкавацца.
Дзяўчына распавядае, што толькі пасьля таго, як вырашыла звольніцца з гэтай працы, старшыня даручыў канкрэтнаму чалавеку заняцца яе пытаньнем наконт жытла. Спачатку Аксане прапанавалі падсяліць яе да цыганоў у сям'ю, аднак калі яна адмовілася, то толькі тады ёй далі жытло ў колішнім лябараторным корпусе з адсутнасьцю вады, каналізацыі, нават пліты. У выніку Аксана ўсё ж пайшла з той працы і пачала пошукі новай, дзе толькі б давалі жытло.
Трэба адзначыць, што ў ВНУ Аксана была ў шэрагах найлепшых па вучобе. Асаблівым яе гонарам зьяўляюцца мовы – лацінская, італьянская.
Пасьля працы ў СВК «Кухчыцы» Аксана працавала ў Дзяржынску (вэтэрынарны лекар на птушкафабрыцы), потым у Фаніпалі (птушкафабрыка). У цэлым працу дзяўчына мяняла не аднойчы, было і такое, калі даводзілася працаваць на будоўлі.
Таксама былі спробы атрымаць працу вэтэрынарнага лекара на Менскім мясакамбінаце, бо там абяцалі праз шэсьць месяцаў пасьля паступленьня на працу даць пакой у інтэрнаце. Аднак з гэтай працай нічога не атрымалася, а сваё рашэньне Аксане патлумачылі тым, што яна пекная і ў яе нестабільная праца.
Сёньня працоўнае месца Аксаны – «Эўраопт», яна ходзіць па залі з каляскай і вядзе фармаваньне заказаў на дом. Сваю працу, як кажа дзяўчына, яна вельмі шануе, бо калі якое скарачэньне, то яна папросту апынецца на вуліцы.
Зьвярнуцца да журналістаў ёй параіла сяброўка. Ёсьць надзея, што такім чынам пра яе гісторыю даведаюцца неабыякавыя, чыноўнікі, і дапамогуць.
Дарэчы, наконт выдзяленьня сацыяльнага жытла Аксана калісьці зьвярталася і ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, і два разы ў Аршанскі райвыканкам, і ў Мінжылкамгас. У адказах на звароты прадстаўнікі ўлады пералічылі ўсе пункты, названыя ў законе, што да правоў сіроты на сацыяльнае жытло; адзначылі, што ў дзяўчыны было такое права, аднак ёю прапушчаныя тэрмiны, бо па спаўненьні 23-х яна пазбавілася статусу сіраты, а значыць да дзяржавы ня можа мець якіх-небудзь патрабаваньняў.
Цікава, што згодна з адказам адных чыноўнікаў – на ўлік яна павінна была быць пастаўленая ў Воршы, адказ іншых – жытло Аксане павінны былі даць на першым месцы працы. Замкнёнае кола нейкае атрымліваецца. Але дзяўчына мае спадзяваньне, што нехта пачуе яе гісторыю і дапаможа.
Фота: tut.by