Суд Полацкага раёну і гораду Полацку 3 лютага пакінуў у дзеяньні пастанову падатковых органаў аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці прадпрымальніцы Веры Русецкай, якая перашкаджала праводзіць праверку.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на старшыню аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанку, які прысутнічаў на судовым паседжаньні.
Прадпрымальніца была аштрафаваная на 23 базавыя адзінкі і абскардзіла гэтую пастанову ў судзе. Гэта адзіны такі выпадак прыцягненьня ІП да адказнасьці, які Шумчанка ўважае за паказальны. Паводле словаў лідэра прадпрымальніцкага руху, Русецкая насамрэч не давала адпору падаткавікам. 14-16 кастрычніка мінулага году на Полацкім рынку ў прадпрымальнікаў пачалі масава адбіраць тавар, і гандляры абурыліся.
Тады ж у кастрычніку адбыўся стыхійны страйк прадпрымальнікаў у адказ на масавыя праверкі, праведзеныя падаткавікамі і супрацоўнікамі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Тыя праверкі скончыліся штрафамі. У акцыі пратэсту ўдзельнічалі блізу 500 ІП. Некаторыя прадпрымальнікі змаглі абмеркаваць сытуацыю зь мясцовымі ўладамі, пасьля чаго праверкі спыніліся.
charter97.org