На выбарчым участку №44 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 дагэтуль адсутнічаюць сьпісы больш за тысячы выбарцаў, якія жывуць у новым мікрараёне Медцэнтар у Віцебску.
Адсутнасьць сьпісаў выявіў назіральнік Сяргей Парсюкевіч. Апынулася, што жыхароў дамоў №№ 37 і 39 па вуліцы Петруся Броўкі няма ў сьпісах выбарцаў.
Сакратар акруговай камісіі патлумачыў, што яны ня ведалі пра тое, што гэтыя дамы ўваходзяць у межы выбарчага участку №44, бо, згодна з рашэньнем адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебска, апублікаваным у газэце “Віцьбічы” ад 24 ліпеня 2012 года, новыя дамы па Броўкі, 37 і 39 у склад акругі ня ўключаны. Між тым, на гарадзкой мапе, якая вісіць у памяшканьні акруговай камісіі, гэтыя два дома знаходзяцца якраз на тэрыторыі Віцебскай-Чкалаўскай акругі.
Члены ўчастковай камісіі кажуць, што пра гэтыя дамы даведаліся толькі 18 верасьня і таму ў сьпісах выбарцаў жыхароў гэтых дамоў няма. Маўляў, калі будуць людзі адтуль ісьць галасаваць, уключым іх у дадатковыя сьпісы.
Цікава, што ў пераліку дамоў, замацаваных за 44-м участкам, які зьмешчаны на ўваходзе ў школу, дамы №№ 37 і 39 па Петруся Броўкі адсутнічаюць. Але ў сьпісе на ўваходных дзьвярах на участак для галасаваньня яны ўжо маюцца.
Дом па вуліцы Петруся Броўкі, 37 у Віцебску быў здадзены ў эксплюатацыю напрыканцы 2010 года. У доме 246 кватэр. Столькі ж – у доме па Петруся Броўкі, 39. Гэты дом здалі крыху пазьней – у 2011 годзе. На пад’ездах дамоў ужо вісяць запрашэньні ўзяць удзел у выбарах на участку №44.
Дом па вуліцы П. Броўкі, 37 у Віцебску, за ім - Броўкі,39
“Такім чынам, колькі б людзей ні прыйшло галасаваць з гэтых дамоў – ўсё адно цяпер атрымаецца па гэтых дамах 100-працэнтная яўка. Наколькі я ведаю, на ўчастак ня выдалі нават дадатковых бюлетэняў”, – пракамэнтаваў для “Дыялёга” сытуацыю назіральнік Сяргей Парсюкевіч.
...ўсё адно цяпер атрымаецца па гэтых дамах 100-працэнтная яўка
У сваю чаргу, кандыдат у дэпататы па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксей Гаўруцікаў накіраваў заявы у Цэнтарвыбаркам і Віцебскі аблвыканкам, у якіх распавёў аб парушэньнях выбарчага заканадаўства.
У заявах ён сьцьвярджае, што факт адсутнасьці больш за тысячы жыхароў Віцебска ў выбарчых сьпісах можа выклікаць зрыў выбараў 23 верасьня і просіць аказаць садзейнічаньне ў складаньні сьпісу выбарцаў, якія пражываюць у дамах па вуліцы Броўкі, 37 і 39, да дня выбараў.
Акрамя таго, Аляксей Гаўруцікаў просіць Віцебскі аблвыканкам прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў адміністрацыі Першамайскага раёну і Віцебскага гарвыканкаму, вінаватых у тым, што ў Віцебскай-Чкалаўскай акрузе выбары могуць быць сарваныя.